Касір-стажор скрала 20 мільёнаў, каб разлічыцца з крэдытамі
У Мінску касір-стажор скрала з касы 20 мільёнаў рублёў, каб разлічыцца з крэдытамі. 35-гадовую ўраджэнку Расіі затрымалі, паведамляе агенцтва "Мінск-навіны".
Жанчына жыла ў Мінску, стажыравалася ў адным з гіпермаркетаў. У канцы адной з рабочых зменаў пералічвалася выручка. Касірка пабачыла, што іншая супрацоўніца на нейкія секунды адвярнулася, узяла пачак 200-тысячных купюр і схавала пад вопраткай. Знікненне грошай заўважылі інкасатары пасля ўскрыцця мяха з выручкай, паведаміла прэс-афіцэр Фрунзенскага РУУС Наталля Аскірка.
Затрымалі жанчыну за крадзеж буйной сумы супрацоўнікі аддзела па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. Раней яна не мела праблемаў з законам. У яе адносінах распачалі крымінальную справу па артыкуле "прысваенне або растрата" (ч. 1 арт. 211 Крымінальнага кодэксу Беларусі).