Карпянкоў хоча вывесці ўнутраныя войскі з МУС у асобную структуру — НН
Мікалай Карпянкоў / t.me/vvmvdrb/
Намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў хоча вылучыць унутраныя войскі ў асобную структуру. Пра гэта піша "Наша Ніва" са спасылкай на ўласныя крыніцы ў ведамстве.
"Адносіны паміж міністрам Іванам Кубраковым і ягоным намеснікам Карпянковым становяцца невыносна кепскімі — Карпянкоў плануе аддзяленне ўнутраных войскаў ад МУС у асобную структуру на манер Расгвардыі. А тое, што Лукашэнка не адправіў Карпянкова ў верасні на пенсію, ускосна гаворыць пра далейшыя планы на гэтага чалавека", — цытуе "НН" словы сваёй крыніцы.
Расгвардыя была створаная ў Расіі ў 2016 годзе на базе ўнутраных войскаў МУС. Гэтая вайсковая арганізацыя займаецца фізічным задушэннем усялякіх пратэстаў супраць пуцінскага рэжыму. Кіраўнік Расгвардыі 70-гадовы генерал арміі Віктар Золатаў па сваім статусе прыроўнены да міністра і падпарадкоўваецца толькі Пуціну.
Вылучэнне ўнутраных войскаў у асобную структуру падыме Карпянкова да рангу міністра і павысіць статус ягоных падначаленых. "Самастойны статус таксама абяцае самастойнае кіраванне бюджэтам. Тлумачыць выгады, у прынцыпе, няма сэнсу — яны на паверхні", — кажа суразмоўца "НН".
Па яго словах, Карпянкоў не заўсёды вытрымлівае субардынацыю і часам звяртаецца непасрэдна да Лукашэнкі праз галаву міністра Кубракова: "Пазіцыянуе сябе самастойнай фігурай, якой цесна ў яго цяперашняй пазіцыі, і чалавекам, які ведае, як павінна развівацца сістэма абароны канстытуцыйнага ладу".
Апошнім часам Карпянкоў актыўна займаецца стварэннем усё новых атрадаў спецназу. Па словах крыніцы "НН", паплечнікі Карпянкова з ГУБАЗіК (раней ён узначальваў гэтую структуру) сталі працаваць ва ўнутраных войсках як служба ўласнай бяспекі, падмяняючы гэтую функцыю МУС.
Канчатковае рашэнне наконт лёсу ўнутраных войскаў МУС застанецца за Лукашэнкам.