Кар'ера Ціханоўскіх скончылася — палітолаг Павел Усаў

Сяргей і Святлана Ціханоўскія

Сяргей і Святлана Ціханоўскія / Офіс Святланы Ціханоўскай

Павел Усаў абвясціў пра фінал палітычнай кар'еры Ціханоўскіх. Такую выснову палітолаг і сябра "Вольнай Беларусі" зрабіў на падставе апошняга відэазвароту Сяргея Ціханоўскага, дзе той папракае беларусаў у тым, што яны не скінуліся на агульную працу.

"Ціханоўскаму не сабралі 200 тыс. на цацкі і ён пакрыўдзіўся на беларусаў. Яму "сорамна і балюча". Мяркую, што на гэтым кар’ера Ціханоўскага і Ціханоўскай скончылася. Магчыма, у гэтым і была задумка ўладаў", — піша ён у сацсетках. 

Усаў дадае: "Гэта ж трэба так прынізіць беларусаў тым, што яны не купіліся на відавочную чарговую авантуру".

"Такія прэтэнзіі да беларусаў пасля столькіх ахвяраў і цярпенняў. Беларусы — прыстойны і мужны народ. Беларусы сабралі больш чым паўмільёна літаральна за некалькі дзён для палітычных зняволеных, яны ахвяруюць для тых, хто хварэе і патрабуе пільнай дапамогі. Беларусы сабралі сотні тысячаў для каліноўцаў, якія змагаюцца супраць агрэсара і гінуць ва Украіне, для ўкраінцаў. Шмат хто за гэта паплаціўся свабодай".

На думку паплечніка Зянона Пазняка, "такія заявы таксама служаць таму, каб падарваць унутраны давер і салідарнасць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.