Канал кантрабанды беларускіх цыгарэтаў перакрылі ў Польшчы, затрыманы 21 чалавек
У Польшчы перакрылі канал кантрабанды беларускіх цыгарэтаў / gov.pl
Польскія праваахоўнікі выкрылі злачынную групу, якая займалася кантрабандай цыгарэт з Беларусі і Славакіі. Гэтая група ў 2020-2021 гадах нелегальна ўвезла ў Польшчу не менш за 19 мільёнаў пачкаў цыгарэт, адзначае Мінфін Польшчы.
Затрыманні ўдзельнікаў групы прайшлі на тэрыторыі чатырох польскіх ваяводстваў. Агулам быў затрыманы 21 грамадзянін Польшчы. У затрыманні ўдзельнічалі каля 260 праваахоўнікаў.
Затрыманых вінавацяць ва ўдзеле ў арганізаванай злачыннай групе, кантрабандзе цыгарэт і атрыманні матэрыяльных узнагарод у сувязі з выкананнем грамадскіх абавязкаў. Арышт на тры месяцы атрымалі 16 чалавек, чатырох вызвалілі пад заклад. На аднаго выдадзены запыт на арышт.
Паведамляецца, што ў лік затрыманых трапілі трое пенсіянераў, трое былых супрацоўнікаў мытні і адна цяперашняя мытніца. На той момант затрымання яна працавала на пераходзе ў Кузніцы.
Удзельнікі групы ўвозілі цыгарэты з Беларусі і Славакіі праз памежныя пераходы ў Кузніцы і Хыжне. Для перавозкі выкарыстоўвалася не менш за 27 грузавых аўтамабіляў. Кіраўніцтва групы плаціла за інфармацыю, у тым ліку аб працы памежных пераходаў.
Затрыманым пагражае да 10 гадоў зняволення. Шкода бюджэту Польшчы ад іх дзеянняў ацэньваецца больш як 435 млн злотых (101 млн еўра).