Камунальная аварыя ў Асіповічах: горад без вады

На месцы аварыі

На месцы аварыі / t.me/osip_kray/

Камунальная аварыя здарылася ў Асіповічах у Магілёўскай вобласці. Горад, у якім каля 29 тысяч жыхароў, застаўся без вады. Раніцай у сераду на вуліцы Калініна ідуць рамонтныя працы на вадаправодзе. Спецыялісты кажуць, што зямля прамерзла і было цяжка знайсці дакладнае месца, дзе адбыўся прарыў.

Старшыня Асіповіцкага райвыканкама Андрэй Дубінчык у відэазвароце кажа пра "надзвычайнае здарэнне на сетцы водазабеспячэння горада Асіповічы, якое адбылося сёння ноччу". Аварыя на вадаправодзе здарылася каля 02:30. На месцы працуюць супрацоўнікі водаканала з Асіповічаў і Бабруйска, а таксама ратавальнікі.

"Для лакалізацыі аварыі было адключана водазабеспячэнне з паўночнага і паўднёвага водазабораў горада, — інфармуе Дубінчык. — На даны момант паўночны водазабор падключаецца да водазабеспячэння, падключэнне паўднёвага водазабора чакаецца да 9-й гадзіны".

Па горадзе размясцілі цыстэрны з пітной вадой.

Праз некалькі гадзін камунальнікі запусцілі ваду ў паўночны, а пасля — у паўднёвы водазабор (вяртаць ваду адразу ў два водазаборы "не рызыкнулі"). Месца аварыі "лакалізавалі". Цяпер стаіць задача ліквідаваць яе наступствы і зрабіць так, каб у кранах гараджан была якасная вада.

Падобныя аварыі адбываюцца ў Беларусі ўсё часцей. Інфраструктура патрабуе абнаўлення, а грошы выдаткоўваюцца найперш на сілавікоў.

Камунальная аварыя ў Асіповічах: горад без вады
Камунальная аварыя ў Асіповічах: горад без вады

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.