Кампанія Машэнскага ў Варшаве месцілася ў адным будынку з "Газетай выборчай"

Будынак кампаніі Agora

Будынак кампаніі Agora / press.pl

У Варшаве кампанія Аляксандра Машэнскага, які нядаўна трапіў пад польскія санкцыі, была зарэгістраваная ў штаб-офісе кампаніі Agora. У гэтым жа будынку размяшчаецца рэдакцыя вядомага выдання "Gazeta wyborcza", піша press.pl.

У кампаніі Agora сцвярджаюць, што ў будынку па адрасе Czerska 8/10 не здаюць памяшканні ніводнай фірме, у даных якой фігуруе Машэнскі. Прадстаўнікі кампаніі сцвярджаюць, што пры падпісанні дамовы арэнды звяраюцца з санкцыйным спісам.

Сапраўды, яшчэ ў 2022 годзе акцыі літоўскай кампаніі Santa Trade ("дачкі" беларускай "Санта Брэмар") набыла кіпрская кампанія Newride Services Limited. Яе акцыянерам з'яўляецца 29-гадовая Яна Машэнская, дачка беларускага бізнесоўца. Як сцвярджаецца ў сумесным расследаванні літоўскага LRT, ісландскага штотыднёвіка "Heimildin" і Беларускага расследвальніцкага цэнтра, Яна Машэнская з ліпеня 2023 года непасрэдна кіруе літоўскай кампаніяй Santa Trade. А офіс у штаб-кватэры Agora арандуе польскі філіял гэтай фірмы.

Журналісты press.pl адзначаюць, што гэткія змены ўласнасці дазваляюць Аляксандру Машэнскаму абыходзіць санкцыі, уведзеныя супраць Беларусі і Расіі, а таксама эканоміць на падатках у Літве.

Журналісты GW сцвярджаюць, што не ведалі, што працуюць побач з кампаніяй з беларускімі каранямі. Адзін з іх адзначае, што супрацоўнікі медыя шмат што захоўваюць на працоўных месцах: "Тыя, хто арандуе офісныя памяшканні, атрымліваюць пропускі і маюць кругласутачны доступ практычна да ўсяго, і нават могуць там ночыць. Уночы там звычайна нікога няма, таму яны могуць рабіць усё, што хочуць".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.