Кампанія "Дана Астра" другі раз прайграла ў Судзе ЕС справу па адмене санкцый

Комплекс "Мінск Свет", які забудоўвае "Дана Астра"
Будаўнічая кампанія "Дана Астра" другі раз спрабавала праз Суд ЕС адмяніць санкцыі Еўрасаюза і другі раз прайграла.
"Дана Астра" — падраздзяленне беларускай кампаніі Dana Holdings. Яе асноўнымі ўладальнікамі лічыцца сям'я сербскіх бізнесоўцаў Карычаў, набліжаных да Лукашэнкі. У Мінску гэтая кампанія, напрыклад, займаецца будаўніцтвам буйнога жылога комплексу "Мінск Свет".
Адвакаты кампаніі настойвалі, што санкцыі на яе накладзеныя неабгрунтавана. Яны заяўлялі, што "Дана Астра":
— не атрымлівае ніякай выгады ад рэжыму Лукашэнкі і не падтрымлівае яго;
— праца Ліліі Лукашэнка ў кампаніі не можа даказваць, што "Дана Астра" атрымлівае выгаду ад рэжыму і падтрымлівае яго;
— урад Беларусі ўключыў фірму ў спіс прадпрыемстваў з замежным капіталам, якія зазналі абмежаванні, а гэта нібыта пацвярджае яе незалежнасць ад уладаў;
— пабудова "Мінск Свету" (Minsk World) не з'яўляецца доказам яе сувязі з рэжымам;
— кампанія мае фінансавыя цяжкасці праз санкцыі і пастановы беларускіх уладаў. Адвакаты заяўлялі, быццам "Дана Астра" мае фінансавыя страты ад дзеянняў рэжыму Лукашэнкі супраць замежных кампаній.
Суд ЕС найперш прызнаў пазоў непрымальным, бо зварот быў пададзены пасля заканчэння тэрміну пазоўнай даўнасці. Аднак "у інтарэсах правасуддзя" было прызнана мэтазгодным разгледзець пазоў па сутнасці. У выніку Суд ЕС пацвердзіў, што без падтрымкі рэжыму Лукашэнкі кампанія не атрымала б права на пабудову "Мінск Свету". Пагатоў, працяг працы над праектам пацвярджае далейшую супрацу кампаніі з уладамі.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.