Камітэт ААН прызнаў права гомельскага актывіста на распаўсюд улётак

Як паведаміў БелаПАН праваабаронца Леанід Судаленка, Аляшкевіч спрабаваў аспрэчыць рашэнне суда і прайшоў усе судовыя інстанцыі Беларусі, але безвынікова — нацыянальнае заканадаўства забараняе распаўсюджваць інфармацыю пра масавыя мерапрыемствы, калі яны несанкцыянаваныя.



У выніку Андрэй Аляшкевіч звярнуўся ў Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ), які прызнаў, што дзяржава парушыла яго грамадзянскае права на свабоду распаўсюду інфармацыі. Камітэт рэкамендаваў уладам Беларусі выплаціць Аляшкевічу ўсе панесеныя страты, цягам 90 дзён апублікаваць гэтае рашэнне ў дзяржаўных СМІ, а таксама праінфармаваць КПЧ аб выкананні гэтых рэкамендацый.



Апроч таго, міжнародныя эксперты рэкамендавалі ўладам змяніць нормы нацыянальнага заканадаўства аб масавых мерапрыемствах і прывесці іх у адпаведнасць з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правах.