Камбайнер з Горацкага раёна прадаў 7,5 тоны збожжа з калгаснага поля
На яго завялі крымінальную справу.
Супрацоўнікі Горацкага РАУС раскрылі крадзеж 7 500 кілаграмаў тон збожжа азімай пшаніцы з поля адной з гаспадарак раёна. У міліцыю патэлефанаваў намеснік кіраўніка гаспадаркі і распавёў, што на выездзе з поля затрымаў мужчыну на аўтамабілі “ЗІЛ” з зернем у кузаве. Праваахоўнікі выехалі на месца.
Як выявілася, спрытны камбайнер прапанаваў аднавяскоўцу збожжа новага ўраджаю. Ён сказаў, што выпісаў яго за кошт заробку для патрэбаў падсобнай гаспадаркі. Пакупніку прапаноўвалі забраць тавар самавывазам. Вясковец прыехаў на поле на грузавым аўтамабілі, які загрузілі зернем проста з камбайна. Тут яго і затрымалі.
Кошт скрадзенай пшаніцы ацанілі ў 16,5 мільёнаў рублёў. Цяпер міліцыя занялася выяўленнем іншых падобнага кшталту парушэнняў у сельскай гаспадарцы.
На 24-гадовага камбайнера завялі крымінальную справу. За крадзеж зерня яму пагражае зняволенне да трох гадоў, паведамляе прэс-служба Магілёўскай абласной міліцыі.


Фота: uvd.mogilev.by