Камандуючым сіламі NATO ў Еўропе можа стаць нашчадак беларускіх эмігрантаў у ЗША

Алексус Грынкевіч / AP
Новым вярхоўным галоўнакамандуючым Аб’яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Еўропе можа стаць генерал-лейтэнант паветраных сілаў ЗША Алексус Грынкевіч (Alexus Grynkewich). Як высветліла Радыё Свабода, яго прадзед прыехаў у ЗША з Мінска на мяжы XIX і XX стагоддзяў.
Ад 2022 году сіламі NATO ў Еўропе камандуе генерал Крыстафер Каволі, які каардынаваў вайсковую дапамогу Украіне ў вайне з Расіяй. Кандыдатура 53-гадовага генерал-лейтэнанта Грынкевіча разглядаецца яму на замену. Ён цяпер узначальвае Аператыўнае кіраванне Камітэта начальнікаў штабоў Узброеных сіл ЗША. Раней Грынкевіч быў пілотам зьнішчальнікаў F-16 Fighting Falcon і F-22 Raptor, налятаўшы больш за 2300 гадзін.
Радыё Свабода выявіла, што прадзед генерала Ілля Грынкевіч нарадзіўся ў 1873 годзе ў Мінску (тады — частка Расійскай імперыі) ў сям’і Сцяпана (Стэфана) і Агаты Грынкевічаў. У 1899 годзе ён ступіў на амерыканскую зямлю, дзе стаў Elias Grinkevitch. Пазьней прозвішча ў англамоўных дакументах стала пісацца як Grynkewich.
7 кастрычніка 1906 года Эліяс Грынкевіч ажаніўся з 22-гадовай Анастасіяй Снігірэвіч (Anastasia Snigerevitch, 1884–1945) — ураджэнкай Вільні, дачкой Адама Снігірэвіча, якая трапіла ў Нью-Ёрк у 1901 годзе. У іх было чацвёра дзяцей. Адзін з іх, Нікалас Грынкевіч (Nicholas Grynkewich, 1915–1969), стаў дзедам генерал-лейтэнанта Алексуса Грынкевіча.
Дарэчы, бацька вайскоўца Грэгары Грынкевіч (Gregory Wayne Grynkewich, 1949–2012) быў вядомым навукоўцам: ён запатэнтаваў 14 вынаходак у сферы ўдасканалення прадукцыйнасці і вытворчасці паўправаднікоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.