Каля Палаца Рэспублікі грузавік без кіроўцы пашкодзіў 8 машын (фота)
Здарэнне адбылося сёння ў цэнтры беларускай сталіцы.
Раніцай 22 траўня ў цэнтры Мінска каля Палаца Рэспублікі адбылася аўтааварыя. Грузавік, які быў без кіроўцы, раптоўна паехаў і пашкодзіў 8 легкавых аўтамабіляў. Пра гэта ў Facebook напісала Наталі Кантар, яна ж змясціла і фота аўтааварыі.
Пашкоджанні рознай ступені цяжкасці атрымалі "Рэндж Ровер", БМВ, "Аўдзі", "Нісан", "Мэрсэдэс", "Опель" і дзве "Вольва". Пра гэта агенцтву БЕЛТА паведаміла старшы інспектар па агітацыі і прапагандзе аддзела ДАІ Цэнтральнага РУУС Настасся Радзько. Па яе словах, кіроўца грузавіка "МАЗ" паставіў аўтамабіль на стаянкавы тормаз, але не заглушыў рухавік. Сам кіроўца сышоў па справах на недалёкае будаўніцтва. Калі ж ён вярнуўся, то пабачыў, што грузавік пакаціўся з месца паркоўкі.