Каля Мінска пачынаюць зборку легкавікоў Cadillac Escalade і Chevrolet Tahoe
Іх плануецца прадаваць на расійскі рынак.
Каля Мінска пачынаюць зборку легкавікоў Cadillac Escalade і Chevrolet Tahoe, якія плануецца прадаваць на расійскі рынак. Адпаведнае пагадненне падпісалі кампанія "General Motors" і прадпрыемства "Юнісон". Як інфармуе БелаПАН, зборка будзе праводзіцца на заводзе, размешчаным у вёсцы Абчак (гэта 10 кіламетраў ад сталіцы). Цяпер на гэтым прадпрыемстве "Юнісона" вырабляюцца аўтамабілі Peugeot.
Адзначаецца, што на заводзе ўстанавілі сучасную вытворчую лінію. Персанал прайшоў падрыхтоўку і навучанне.
Chevrolet Tahoe 2015 года — гэта чацвёртае пакаленне культавага аўтамабіля. У яго 6,2-літровы рухавік. Кошт будзе пачынацца ад 60 тысяч долараў. Cadillac Escalade — таксама чацвёртае пакаленне. У Беларусі яго будуць выпускаць у двух мадыфікацыях: рэгулярнай версіі і з павялічанай колавай базай. Першая будзе каштаваць каля 76 тысяч долараў, другая — каля 80 тысяч.