Каля двухсот афганцаў захраслі на беларуска-польскай мяжы

Афганцы, якія захраслі на мяжы / facebook.com/TheWesalTV
На беларуска-польскай мяжы ў раёне пункта пропуску "Брэст" захраслі каля двухсот афганцаў. Пра гэта піша reform.news са спасылкай на выданне афганскай дыяспары Wesal TV.
Афганцы параўноўваюць гэты раён з футбольнай зонай. Паводле іх, беларускія сілавікі збіваюць іх і выцясняюць на тэрыторыю Польшчы, а польскія — выштурхоўваюць назад у Беларусь.
Прадстаўнік захраслых сем'яў у каментары Wesal TV расказаў, што мігранты знаходзяцца на мяжы ад 10 дзён да трох месяцаў. Сярод мігрантаў шмат параненых са зламанымі рукамі, разбітымі тварамі ды іншымі пашкоджаннямі. Паводле яго, людзі пакутуюць ад холаду і спёкі, харчуюцца травой і лісцем ды п'юць ваду з балота.
Афганцы вінавацяць кантрабандыстаў, якім заплацілі за перапраўку людзей, а тыя перасталі выходзіць на сувязь. Сем'і афганцаў заклікаюць амбасады Афганістана, а таксама беларускія і польскія ўлады прыняць тэрміновыя меры па выратаванні іх родных.


Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.