Калі ў Беларусь прывязуць "Арэшнік" — значыць, мы ўжо ядзерная дзяржава? Не.

Аляксандр Лукашэнка на інтэрв'ю з журналістам Time

Аляксандр Лукашэнка на інтэрв'ю з журналістам Time / president.gov.by

Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў казаў, што да канца года ў Беларусі з'явіцца "Арэшнік". Першы раз ён папрасіў Уладзіміра Пуціна пра гэта ў канцы 2024 года. І Пуцін тут жа адрэагаваў — у Мінск даставілі тры "арэшнікі". Толькі прыехалі не пускавыя ўстаноўкі, а саджанцы ляшчыны: у амбасадзе Расіі сказалі, што гэта падарунак да 23 лютага.

У сакавіку Лукашэнка сказаў, што пускавыя ўстаноўкі беларусы ўжо і самі "фактычна распрацавалі". Ад Пуціна засталося толькі даслаць ракету.

Увогуле, "Арэшнік" усё больш і больш станавіўся дакучлівай ідэяй. У кастрычніку Лукашэнка зноў сказаў, што да канца года "Арэшнік" ужо дакладна паставяць у Беларусі "на баявую варту".

І вось год падыходзіць да канца. Украінскі вайсковы экспэрт Аляксандр Каваленка ўпэўнены: калі б "Арэшнік" у Лукашэнкі быў, мы ўсе яго ўжо ўбачылі б, ім бы абавязкова пахваліліся ў навінах. Але пакуль што ў Лукашэнкі няма ні "Арэшніка", ні ядзернага зарада да яго. І калі "Арэшнік" яшчэ можа з'явіцца, то ядзерны зарад — не, упэўнены Каваленка.

 

"На тэрыторыі Беларусі няма ніводнага аб'екта, які мог бы забяспечыць доўгатэрміновае захоўванне ядзернай зброі"

— Падчас нядаўніх вучэнняў" Захад-2025" беларускае Мінабароны збіралася адпрацаваць планаванне выкарыстання "Арэшніка" і ядзернай зброі. Ці ёсць хоць нейкія прыкметы, што Пуцін усё ж перадасць Лукашэнку ЯЗ?

— Ніводнага інфраструктурнага аб'екта на тэрыторыі Беларусі не было абсталявана такім чынам, каб ён адпавядаў патрабаванням захоўвання менавіта такога тыпу ўзбраення. Таму, на мой погляд, усё гэта фарс, мэта якога — паўплываць на Еўропу.

Если в Беларусь привезут “Орешник”, это значит, мы уже ядерная держава? Нет.
Ракетны ўдар "Арэшнікам" па Дняпры ў 2024 годзе / ДСНС Украіны

"Арэшнік" — гэта такая рэфлексія пуцінскага рэжыму. У іх былі ракеты Х-101, у іх былі "Іскандэры", "Кінжалы", якія збіваліся "Патрыётамі". Што яшчэ яны могуць прадэманстраваць? Вось, успомнілі. “Арэшнік”.

"Арэшнікам "у 2024 годзе нанеслі ўдар па Дняпры. А колькі "Арэшнікаў " выкарысталі супраць Украіны пасля гэтага? Я вам скажу: ніколькі.

Калі казаць пра канвенцыйную, а не ядзерную баявую частку, дык магутнасць "Арэшніка" — прыкладна 850-900 кілаграмаў выбуховага рэчыва. Гэта як накіраваць у бок Украіны паўтара "Іскандэра". А па Кіеве прылятала адначасова 10 і нават больш "Іскандэраў". Толькі ракета "Арэшнік" каштуе 80 мільёнаў долараў, а "Іскандэр" — каля 1 мільёна.

Так што... Шчыра кажучы, бачылі мы сёе-тое і памагутней.

— А для Еўропы ён можа быць страшылкай з улікам далёкасці палёту?

— Калі на "Арэшніку" няма баявой часткі ў выглядзе ядзернага элемента, то гэта не апакаліптычная зброя. Важна разумець, што ён не з'яўляецца нейкай "вундэрвафляй".

— Але ці можна збіць гэтую ракету? Нават калі на ёй няма ядзернага зарада, яна ж можа прынесці ў горад значныя разбурэнні.

— Думаю, што Еўропа не можа збіць "Арэшнік". У яе, хутчэй за ўсё, няма адпаведнай зброі. Праблема ў тым, што ракета выходзіць за межы атмасферы, і там, за атмасфернымі рубяжамі, размяркоўвае канвенцыянальную баявую частку.

Таму ж "Арэшнік" не з'яўляецца высокадакладнай зброяй. У кожнага элемента баявой часткі ёсць адхіленне ад 500 метраў да кіламетра.

Кожны элемент "Арэшніка" па сваім паражаючым дзеянні супастаўны, напрыклад, з бомбай ОФАБ-250 (аскепкава-фугасная авіяцыйная бомба, якая змяшчае 90 кілаграмаў выбухоўкі). Гэта прыкладна тое ж, што "Шахед-136". Ён таксама мае баявую частку ў 90 кілаграмаў выбухоўкі.

Я здзіўляюся таму, што Еўропа працягвае баяцца Расію, рэагаваць на пагрозы з боку Масквы. І для яе гэтыя пагрозы здаюцца большымі, чым для нас. Таму што мы бачылі такое, чаго Еўропа яшчэ не бачыла. І мы разумеем, на што ў прынцыпе здольная Расія. А Еўропа бесхрыбетная і аморфная ў параўнанні з Украінай, якая супрацьстаіць Расіі ўжо чацвёрты год. Калі б Еўропа была больш рашучай, гэтая вайна скончылася б яшчэ ў 2022 годзе.

— Найбліжэйшым часам "Арэшнік" можа прыехаць у Беларусь. Як думаеце, нам яго пакажуць?

— Думаю, хаваць асабліва не будуць. Для Лукашэнкі важна дэманстраваць, што ў яго нібыта ёсць ядзерная зброя і нібыта ёсць "Арэшнік", якім ён нібыта можа пагражаць Еўропе. Гэта для яго вельмі важна.

Таму калі з'явіцца гэтая ракета або пускавая ўстаноўка — гэта значыць шасі, на якім яна можа транспартавацца, — ён можа гэта дэманстраваць. Чаму б і не? Але гэта зусім не азначае, што баявой часткай з'яўляецца ядзерны элемент.

Таму калі Лукашэнка найбліжэйшым часам пакажа якую-небудзь "Ляшчыну" на парадзе — гэта будзе, умоўна кажучы, проста паўтара "Іскандэра".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.