Імгненна, масава і нязручна. Эксперты пра ўласцівасці яду "Навічок"
Фота: Reuters
Па матэрыялах "Новай газеты"
Былы супрацоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль застаецца ў коме, брытанскі бок заяўляе, што Скрыпаля і яго дачку (днямі ёй стала лепш) атруцілі ядам "Навічок", які ў іх асацыюецца з Расіяй; расійскі бок гэта катэгарычна адмаўляе. "Новая газета" паразмаўляла пра ўласцівасці гэтага рэчыва і магчымыя спосабы атручвання ім з навукоўцамі, якія маюць да "Навічка" непасрэднае дачыненне.
"Самы няправільны выбар"
Адна з уласцівасцяў "Навічка", якая ставіць пад сумнеў яго выкарыстанне для атручвання Скрыпаляў, — нястойкасць, лічыць ваенны доктар Ігар Мілюцін, палкоўнік медыцынскай службы, спецыяліст па баявых атрутных рэчывах, метадах абароны ад іх і лячэнні.
Доктар лічыць вельмі сумнеўнай версію, агучаную брытанскай газетай The Telеgraph, якая, са спасылкай на крыніцы, блізкія да афіцыйнага следства, паведаміла, што Юлія Скрыпаль магла правезці атрутнае рэчыва з Расіі ў сваім багажы, не падазраючы пра гэта.
"У заводскай упакоўцы, кантэйнеры, боепрыпасе або ампуле без кантакту з паветрам і вільгаццю яны захоўваюцца досыць доўга. Але пры парушэнні ўпакоўкі хутка раскладаюцца", — сказаў Мілюцін "Новай газеце".
"Няма ніякіх шанцаў у версіі, што ахвяры адкрылі дома чамадан, атрымалі паразу, зайшлі ў гандлёвы цэнтр, а потым паелі у кафэ і прысеўшы на лавачку, дрэнна сябе адчулі".
Калі б Юлія сапраўды запакавала атрутнае рэчыва ў чамадан, яна магла б загінуць яшчэ ў самалёце, разам з іншымі пасажырамі, а тое і экіпажам.
"Не забывайце, гэта магутная зброя масавага паражэння", — падкрэсліў Мілюцін.
Іншая ўласцівасць гэтага яду, якая, на яго думку, сведчыць супраць версіі, што абмяркоўвалася ў ангельскай прэсе, — яго імгненнае ўздзеянне на арганізм.
Гэта значыць, калі Скрыпаляў атруцілі "Навічком", то заражэнне мусіла адбыцца непадалёк ад месца, дзе іх знайшлі.
"Паверце мне як таксіколагу: у нас ёсць велізарная колькасць наймацнейшых рэчываў менавіта індывідуальнага паражэння. Для схаванага забойства за мяжой канкрэтнага чалавека баявыя нервова-паралітычныя рэчывы — самы няправільны выбар, які толькі можна сабе ўявіць", — сказаў Мілюцін.
Формула даўно вядомая
Пра іншыя рэчывы, выкарыстанне якіх было б больш лагічным, з "Новай газетай" пагаварыў Мікалай Валодзін, начальнік аддзела па рэжыме сакрэтнага "ГНИИОХТа", дзе распрацоўваўся "Навічок".
"Напрыклад, можна было выкарыстоўваць вытворныя фентанілу. Гэта абезрухоўвальныя рэчывы часовага дзеяння", — сказаў ён.
Гаворка ідзе таксама пра хімічную зброю масавага паражэння, якаяў малых дозах не забівае, а проста абезрухоўлівае суперніка.
"Але можна падабраць дозу вельмі моцную, калі ў вас [спачатку] адбываецца абезрухоўліванне, [а потым] пачынаюць спыняцца ўнутраныя органы, а далей — альбо таксічны ацёк лёгкіх, альбо спыняецца сэрца", — растлумачыў эксперт.
Скрыпалі маглі атрымаць атручэнне ў бары, лічыць Віл Мірзаянаў, былы савецкі навуковец і адзін з распрацоўшчыкаў "Навічка".
"Магчыма, там быў распылены спрэй. З "Навічком" неабавязкова накіроўваць газ у твар, хоць такі спосаб гарантавана прывядзе да смерці. Дастаткова непрыкметна развеяць на адкрыты ўчастак".
Пра тое, што атручванне Скрыпаляў магло адбыцца і без удзелу расійскіх спецслужбаў, казаў у сваіх інтэрв'ю і іншы распрацоўшчык атрутнага рэчыва — Леанід Рынк, фігурант гучнай крымінальнай справы аб забойстве расійскага банкіра Івана Ківелідзі. "Новая газета" публікуе паказанні Рынка, у якіх ён распавядае, што займаўся збытам атрутных рэчываў у 1990-я гады.
"Ангельцы цалкам маглі сінтэзаваць формулу самі, — кажа Віл Мірзаянаў, — у кнізе я апублікаваў яе цалкам".
У 2008 годзе Мірзаянаў цалкам раскрыў формулу "Навічка", распавёўшы пра свой удзел у звышсакрэтным савецкім праекце ў кнізе "Дзяржаўныя таямніцы: Расійская праграма хімічнай зброі знутры".
"Я наіўна думаў, што, апублікаваўшы формулу ў кнізе, я тым самым стаўлю крыж на яе выкарыстанні. Я лічыў, што таварышы з Расіі не адважацца выкарыстоўваць яд, які больш не з'яўляецца сакрэтам", — сказаў Мірзаянаў.
Многія, у тым ліку і найбліжэйшае асяроддзе вучонага, былі супраць апублікавання формулы. У прыватнасці, былі асцярогі, што яна можа трапіць у рукі тэрарыстаў.
"Я на гэта адказваў: без ведаў, дакладнага абсталявання і дасведчанага персаналу "Навічок" сінтэзаваць проста нерэальна! А калі і возьмешся, то заб'еш сябе. Мае блізкія ўсё роўна былі супраць, нават жонка, але я праявіў упартасць і ўсё-такі зрабіў публікацыю. І лічу, што зрабіў у сваім жыцці найважнейшую справу. А калі хтосьці называе мяне здраднікам, дык няхай будзе шчаслівы з гэтым сваім меркаваннем".