Ілля Вайцяховіч, які прыехаў у Беларусь на пахаванне, асуджаны на 2 гады калоніі
У Мінску асуджаны на два гады калоніі 36-гадовы Ілля Вайцяховіч. Яго крымінальную справу разглядаў суд Ленінскага раёна. Суддзя Юлія Шут прызнала мужчыну вінаватым у "арганізацыі і падрыхтоўцы дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак...".
Іллю Вайцяховіча затрымалі на мяжы ў студзені сёлета, калі ён ехаў з Латвіі ў Беларусь на пахаванне свайго бацькі, бізнесмена Эдуарда Вайцяховіча. У 2020-м яго затрымлівалі за ўдзел у пратэстах, ён быў асуджаны на 15 сутак адміністрацыйнага арышту. Пазней ён пераехаў у Латвію, жыў у Рызе.
У студзені сёлета ў праўладных тг-каналах з'явілася "пакаяльнае відэа". На ім Вайцяховіч кажа, што вырашыў вярнуцца, бо "не мог знайсці сябе за мяжой". Відавочна, што яго прымусілі сябе абгаварыць.