Хуліган у Карэлічах пачаў страляць па міліцыянтах
Незвычайнае затрыманне давялося правесці міліцыянтам на Гродзеншчыне.
8 красавіка мясцовы міліцыянт зрабіў заўвагу двум хлопцам, якія выпівалі на лесвічнай пляцоўцы і разбілі бутэльку піва. Моладзь выйшла з пад'езда і працягнула выпіваць на лавачцы. Афіцэр выклікаў міліцыю.
На затрыманне нарад прыехаў у броенкамізэльках і касках, але развіццё сітуацыі стала для іх нечаканым. Адзін з выпівох дастаў пісталет, падобны да баявога. Як піша onliner.by са словаў міліцыянтаў, хлопец пагражаў стрэліць. Калі яго паспрабавалі затрымаць, хуліган двойчы стрэліў у бок міліцыянта, але не пацэліў.
Дапамагло міліцыянтам тое, што каля месца здарэння з'явілася жанчына. Хуліган страціў пільнасць, міліцыянт падбег да хлопца са спіны і палкай выбіў у яго з рукі пісталет — як выявілася, пнеўматычны. Пасля гэтага хулігана павалілі і надзелі на яго кайданкі.
Аднаго з 18-гадовых выпівох адпусцілі. А на стралка пачалі крымінальную справу — яму пагражае да 6 гадоў пазбаўлення волі.
Фота — gunroom.chat.ru