Грызлоў расказаў, чаго Расія чакае ад беларускага канстытуцыйнага рэферэндуму
Барыс Грызлоў / РІА "Новости"
Для Расіі важна, каб у Беларусі "былі створаныя надзейныя ўмовы для стабільнага эканамічнага росту і ўсёабдымнай грамадзянскай згоды на працяглую перспектыву". Пра гэта заявіў прызначаны пасол Расіі ў Беларусі Барыс Грызлоў у інтэрв'ю агенцтву ТАСС. Так ён адказаў на пытанне аб яго ацэнцы канстытуцыйных рэформаў у краіне.
Грызлоў падкрэсліў, што ацэньваць рэформы павінен толькі беларускі народ. Але пры гэтым заявіў, што "наўрад ці хтосьці з разважных людзей рызыкне спрачацца, што падмуркам" развіцця Беларусі і "найважнейшай умовай спакойнай упэўненасці беларусаў у заўтрашнім дні з'яўляецца шматпланавая падтрымка з боку Расіі" і саюзная інтэграцыя.
У Грызлова таксама спыталі аб ваенным супрацоўніцтве дзвюх краін і магчымасці з'яўлення на тэрыторыі Беларусі паўнавартасных ваенных баз. Наўпрост на гэтае пытанне ён не адказаў. Але нагадаў аб новай ваеннай дактрыне Саюзнай дзяржавы, якая была зацверджаная ў лістападзе 2021 года. У ёй улічаныя ўсе новыя пагрозы, "у тым ліку і новыя, аж да тэхналогій "каляровых рэвалюцый", правакавання ўнутранай дэстабілізацыі з выкарыстаннем прыватных вайсковых структур, кібертэхналогій, экстрэмісцкіх элементаў", — адзначыў ён.
Адказваючы на гэтае пытанне, Барыс Грызлоў казаў і аб пашырэнні NATO, і аб павелічэнні кантынгенту на польска-беларускай мяжы на фоне міграцыйнага крызісу. "Вядома, гэта не застаецца незаўважаным", — сказаў ён. Падводзячы вынік, новы пасол адзначыў, што "пытанні аб ваенных базах, цэнтрах падрыхтоўкі, развіцці сістэмы СПА, пашырэнні ваенна-тэхнічнага супрацоўніцтва і так далей варта разглядаць у рамках згаданай ваеннай дактрыны".
Выразна не адказаў Барыс Грызлоў і на пытанне, ці ёсць шанец, што расійскія грамадзяне Ягор Дуднікаў і Сафія Сапега, якія ў Беларусі прызнаныя палітвязнямі, могуць быць вызваленыя ці хаця б перададзеныя Расіі, каб яны адбывалі пакаранне на радзіме.
"Дапамога грамадзянам нашай краіны, якія аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, — гэта адна з важных задач пасольства", — сказаў Грызлоў.
Барыс Грызлоў зменіць на пасадзе пасла Расіі ў Беларусі Яўгена Лук'янава, які не адпрацаваў і года. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка лічыць, што прызначэнне Грызлова — гэта "гістарычны выклік для нашага суверэнітэту", таму што "гэта чалавек, якому пастаўленая задача стварэння саюзнага парламента на працягу года як рэальнай структуры ўлады".