Год "хіміі" прысудзілі жыхару Слуцка за раскіданыя ля РАУС шрубы

Суд Слуцкага раёна / kurjer.info
Год "хіміі" суд Слуцкага раёна прысудзіў мясцоваму жыхару за здзяйсненне наўмысных дзеянняў, якія "груба парушаюць грамадскі парадак і выказваюць відавочную непавагу да грамадства і якія суправаджаюцца пашкоджаннем чужой маёмасці". Вытрымкі з прысуду суда прыводзіць рэсурс kurjer.info
У судзе гучала, што мужчына, будучы ў нецвярозым стане, з'ездзіў на таксі ў будмагазін, купіў там шрубы, а затым раскідаў іх на ўчастку ад будынка РАУС да пракуратуры.
Раней мужчына тлумачыў, чаму здзейсніў гэты ўчынак: "Убачыў, як АМАП гвалтоўна забірае людзей у аўтазакі. Пасля паехаў у будаўнічую краму, купіў шрубы і, седзячы на заднім сядзенні таксі, рассыпаў іх па вуліцы Уласаўца".
Мужчына прызнаў віну, сказаў, што раскайваецца.
Аналагічны судовы працэс пачаўся напярэдадні і ў Магілёве. Па артыкуле "Хуліганства" судзяць 50-гадовага мясцовага жыхара. Яго абвінавачваюць у тым, што 26 кастрычніка і 11 лістапада ён раскідаў шрубы на службовых стаянках каля абласнога ўпраўлення міліцыі, Камітэта дзяржаўнага кантролю, 11-га ўпраўлення ГУБАЗіК і Следчага камітэта.
У судзе мужчына растлумачыў, што такім чынам хацеў выказаць пратэст супраць дзеянняў сілавікоў. Намераў дэстабілізаваць працу органаў у яго не было.
Ад дзеянняў магілёўца пацярпеў толькі супрацоўнік КДК, які ацаніў шкоду ў 30 рублёў, піша "Радыё Свабода".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.