“Гэта быў апошні сняданак у нармальным жыцці”. Беларусы — пра 9 жніўня 2020-га

Беларусы пра 9 жніўня 2020 года

Беларусы пра 9 жніўня 2020 года / Euroradio

9 жніўня 2020 года стала пераломным днём у гісторыі беларусаў. Шмат хто ішоў ранкам ці днём на выбарчы ўчастак з надзеяй, якая з наступленнем цемры перакшталтавалася ў трывогу.

Еўрарадыё сабрала ўспаміны розных людзей, у тым ліку, сваіх калег, каб узгадаць эмоцыі, якія перажывалі беларусы ў той дзень.

Марыя Калеснікава, Еўрарадыё

“Гэта быў апошні сняданак у нармальным жыцці”. Беларусы — пра 9 жніўня 2020-га

У 8:00 я ўжо была на ўчастку — у белай цішотцы і з белым бранзалетам. Сэрца выскоквала ад хвалявання — хацелася сфатаграфаваць бюлетэнь і згарнуць яго гармонікам — як раіў "Голас". На ўчастку дазволілі закрыцца фіранкамі і ўсё атрымалася.

А потым я паехала на працу — а 9-й мусіў пачацца наш са Змітром Лукашуком жывы эфір, які мы з калегамі планавалі некалькі дзён. Але ў эфір мы так і не выйшлі праз адсутнасць інтэрнету.

Вярталася дадому а 4-й раніцы. Мой маленькі яркі аўтамабільчык адзіны ехаў па праспекце сярод чорных аўтазакаў і бусікаў, якія спыняліся, каб забраць амапаўцаў, што высыпалі з двароў. Гэта заўтра пачнуць разбіваць шкло і выцягваць кіроўцаў з машын. А сёння я даехала дадому і павалілася спаць, каб праз паўгадзіны ўскочыць ад трывожнага званка і пытання: "Ну што там?"

Зося, застала пратэсты ў 11 гадоў

Насамрэч, я памятаю не вельмі шмат, відаць, мозг вырашыў, што мне гэта не трэба, бо дрэнны ўспамін. Я дакладна памятаю атмасферу, эмоцыі, якія былі ў тыя дні. Недзе з моманту, калі мы ў першы раз паехалі на сустрэчу з Ціханоўскай у Барысаве. Я памятаю эмоцыі, калі шмат людзей і ўсе аб’яднаныя адной мэтай.

Памятаю, калі інтэрнэта не было. У нас быў VPN, я пісала ў групавы чат аднакласнікам, але ніхто не адказваў.

Памятаю, як на Уруччы стаялі з кветкамі, як сігналілі машыны. Памятаю, як ездзіла ў краму за сцягам. Памятаю, як маці хадзіла незалежнай назіральніцай. Але сам дзень выбараў увогуле не. Тады хіба было расчараване ад таго, што ўсе мелі надзеі, а яны пайшлі ўнікуды.

“Гэта быў апошні сняданак у нармальным жыцці”. Беларусы — пра 9 жніўня 2020-га

Арцём Шрайбман, палітолаг

Усё як у тумане. 

А калі сур’ёзна, то я ў тыя часы стараўся захоўваць асцярожнасць. Не ўдзельнічаў у пратэстах, таму што ў мяне заставаліся лічаныя тыдні да нараджэння дачкі, і я не хацеў ставіць пад ніякую рызыку сваю жонку і сям’ю. Не пакідаць іх, калі мяне арыштуюць. Таму ўсе мае перажыванні тых дзён — гэта перажыванні за іншых, за маіх сяброў, якія былі на пратэстах, якім я праз гарадзкі інтэрнэт намагаўся знаходзіць дэталі, каб пераказаць: дзе міліцыя, куды бегчы, якія раёны ачэплены і г.д.

Яўгенія Сугак, журналістка

Калі глядзець назад, то для мяне ўвесь дзень 9 жніўня быў падобны і на Дзень нараджэння, і на Новы год адначасова. Было адчуванне пад’ёма, чаканне чагосьці новага і вялікага. Безумоўна, была трывога, але пазітыўныя эмоцыі доўгі час прыкравалі ўсё гэта.

Мой дзень пачаўся са сняданка ў цэнтры горада з Машай Калеснікавай і яшчэ некалькімі людзьмі са штаба Бабарыкі. Мы сустрэліся камандай, каб потым разысціся па ўчастках. Цяпер я разумею, што гэта быў апошні нармальны сняданак у нармальным жыцці.

“Гэта быў апошні сняданак у нармальным жыцці”. Беларусы — пра 9 жніўня 2020-га
Іван Краўцоў, Аляксандр Васілевіч, Марыя Калеснікава, Антон Раднянкоў і Яўгенія Сугак у 2020 годзе

Потым белыя браслеты. Адносна іх ішла вялікая кампанія, але я не магла ўявіць, колькі людзей сапраўды іх апране. Калі прыйшла на ўчастак і ўбачыла, якая колькасць іх мела на руках, у мяне мурашкі на скуры пабеглі.

І апошняе, калі мы былі ў штабе. Бліжэй на ночы пачалі з’яўляцца першыя вынікі. І ўдзельнікі каманды званілі, паведмлялі, што на тым ці іншым участку перамагла Ціханоўская. Гэта выклікала эмоцыі, якія мне цяжка параўнаць, зразумець, ці было калі-небудзь у мяне ў жыцці столькі радасці ад прадчування, што жыццё можа быць зусім іншым.

Марк, застаў пратэсты ў 10 гадоў

Мы з татам у гэты дзень пайшлі ў парк каля Камсамольскага возера паесці хот-догі. Ідзем назад да бабулі дадому, і бачым вельмі шмат людзей. Мне стала неспакойна, і бачу, што тата ідзе ўбок. І тут рэзка яны пачынаюць бегчы. 

Тата бяжыць, цягне мяне за сабою ў двары. За намі гоняцца сілавікі і мы хуценька забягаем да бабулі. Праз 30 хвілінe ўжо чуліся выбухі, было вельмі страшна.

Рэгіна, сустрэла дзень выбараў у родным мястэчку

Памятаю, што 9 жніўня вельмі рана раніцай размаўляла па тэлефоне, бо пачалі ўжо глушыць інтэрнэт. Атрымаўся дзень дэтокса. Я тады яшчэ не зусім ведала пра VPN. Мне было 20, і гэта былі мае першыя выбары. Апранула белую спадніцу і чырвоную кашулю, на руцэ была белая бранзалетка — стужка.  

У нас не было назіральнікаў. Памятаю, што калі галасавалі, рабілі фотаздымакі, скручвалі гармошкай, каб гэта паказаць. Потым проста чакалі, бо галасавалі даволі позна. Інфармацыі пра тое, што адбываецца, не было. І ў нас быў нейкі татальны тэлемост: у мяне былі раскінутыя знаёмыя па ўсёй Беларусі. 

Вельмі павольна грузіўся tut.by і памятаю, што тэліла чуваку з Гродзенскай вобласці, а ён тэліў чуваку, які жыве пад мяжой з Польшчай і ў яго лавіла Euronews, а ў іншага — польскае ТБ. Дык вось яны глядзелі навіны і пераказвалі. А я потым гэта пераказвала ўсім у іншыя куткі Беларусі.

Яшчэ тэліла сяброўкам у Мінск. Яны казалі, што там страляюць. І я чула праз тэлефон выбухі.

Раніцай 10-га мы ўжо падключылі VPN і пачалі чытаць навіны пра тое, што адбывалася ў Мінску, і паехалі самі на мітынгі ў большы горад.

Аляксандр Лапко, актывіст, правёў альтэрнатыўныя выбары ў Варшаве

“Гэта быў апошні сняданак у нармальным жыцці”. Беларусы — пра 9 жніўня 2020-га

9 жніўня пачаўся для мяне а 5-й ранку, калі я выехаў да амбасады Беларусі. Там яшчэ з ночы сядзелі людзі, якія занялі чаргу, каб прагаласаваць. У паветры лунала надзея і страх, што лёгкі ветрык свабоды скончыцца.

Мы расставілі намёт для сумленнага галасавання — альтэрнатыўны выбарчы ўчастак. За дзень на ім прагалусе 2479 чалавек, калі ў амбасадзе каля 200 чалавек. Лукашэнка набярэ з іх 3 (тры) галасы, а не працэнты.

Была спёка і не было ценю, быў каранавірус і забарона масавых збораў, але вялікая салідарнасць і падтрымка. Мы, будучымі актывістамі і актывісткамі Моладзевага хаба, якія “не ведалі адзін аднаго да гэтага лета”, раздавалі ваду і фрукты, простыя беларусы і палякі прывозілі таксама ваду, да нас прыходзілі журналісты і дэпутаты, паліцыя нас ахоўвала, а не разганяла. За ўвесь дзень у мяне ёсць адно фота, бо ўвесь час я быў у працы, кіраваў, каардынаваў, камунікаваў, купаўся ў акіяне энергіі людзей — прыгожых, моцных і смелых беларусаў. Не было негатыву і злосці, была вера, што ўсё не дарма і што ўсё будзе добра.

“Гэта быў апошні сняданак у нармальным жыцці”. Беларусы — пра 9 жніўня 2020-га
Сумленнае галасаванне ў Варшаве / прыватны архіў

Пасля закрыцця ўчастка мы падлічылі вынікі, аб’явілі, а ў амбасадзе зачынілі мэталёвыя жалюзі і не хацелі вывешваць вынікі. Але мы стаялі і патрабавалі пратакол некалькі гадзін. І нас пачулі, вывесілі і агучылі - перамагла Ціханоўская! У амбасадзе ў яе 70+%, у нас - 98,7%.

Я ведаў, што ў амбасаду не пусцяць шмат людзей, і што беларусы прыйдуць, адчуюць крыўду, бяссільнасць і адчай, і сыйдуць фрустраваныя, таму вельмі важна было даць ім магчымасць зрабіць грамадзянскую дзею - кінуць бюлетэнь, які падлічаць.

Я быў пад нумарам 1 у лісце выбарцаў, і збіраўся кінуць апошнім, але так і не паспеў - не хапіла самому часу, бо хацеў даць іншым як мага больш.

“Гэта быў апошні сняданак у нармальным жыцці”. Беларусы — пра 9 жніўня 2020-га
Вынікі сумленнага галасавання / прыватны архіў

Такіх, як я, было яшчэ 299, хто запісаўся, але не забраў бюлетэнь. То бок, як мінімум 2779 грамадзян Беларусі ў Варшаве хацела, каб іх пачулі, каб краіна мела лепшую будчыню і была свабоднай. І гэта да вялікай хвалі эміграцыі ў Польшчу. Так старалася беларуская дыяспара.

“Гэта быў апошні сняданак у нармальным жыцці”. Беларусы — пра 9 жніўня 2020-га

Аляксандр Трафімаў, урач

Да выбараў 9 жніўня хацелася падрыхтавацца грунтоўна. Усё ж такі, быў такі момант, калі многія людзі адчувалі ў паветры подых свабоды і пераменаў. Адчувалі падтрымку і разуменне адзін аднаго. Бо менавіта тым летам мы ўбачылі, як нас шмат. З падобнымі поглядамі.

Я замовіў пяць цішотак-вышыванак з вершамі Янкі Купалы. І там жа — пяць белых бранзалетаў. Для ўсіх чальцоў сям’і. Тады гэта быў дрэс-код на выбарах.

Пасля абеду, 9 жніўня, мы з трыма дзецьмі пайшлі на свой участак. Па дарозе сустракалі нямала людзей з белымі бранзалетамі і ў белых майках. Нават не ведаючы адзін аднаго, у адказ усміхаліся, адчуваючы агульны дух і гэты асаблівы час.

На ўчастку была чарга. Людзі ў белым запаланілі школу, дзе адбывалася галасаванне. І нам, каб атрымаць свае бюлетэні, трэба было пастаяць у чарзе.

“Гэта быў апошні сняданак у нармальным жыцці”. Беларусы — пра 9 жніўня 2020-га
прыватны архіў

Не буду хаваць, камісія пільна глядзела на нас. Бо ўся сям’я з пяці чалавек прыйшла ў вышыванках, ды яшчэ і з вершамі на беларускай мове на спіне.

Тады мы зрабілі свой выбар на карысць новай, свабоднай Беларусі.

Настрой быў святочны. І мы вырашылі адзначыць гэта з дзецьмі ў кавярні. На дзіва, у найбліжэйшай кавярні ўжо было шмат сем’яў з дзецьмі ў белым, з белымі бранзалетамі.

Думаю, не толькі мы адчувалі гэты вецер пераменаў.

А ўжо ўвечары, з сябрамі і сваякамі, сядзелі дома, пілі гарбату, распавядалі свае ўражанні ад галасавання. Так атрымалася, што ўсе мы галасавалі на розных участках. І кожны хацеў падзяліцца сваімі ўражаннямі: колькі нас тады прыйшло, каб падпісацца за Новую Беларусь.

Але ўвечары 9 жніўня нашы святочныя настроі перарвалі гукі стрэлаў і светлашумавых гранат. Пачалося…

Арына Коршунава, журналістка

Напэўна, у мяне моцная візуальная асацыяцыя з гэтым відэа, якое я зняла пад Стэлай.

Тады мне не было страшна, а цяпер, канешне, сцыкатна. Я сябе 20-гадовую паважаю, але я зусім адважная была, на ўсю галаву. 

Спадзяюся, я гэта не разгубіла.

“Гэта быў апошні сняданак у нармальным жыцці”. Беларусы — пра 9 жніўня 2020-га

Глеб Кавалёў, уладальнік бару “Карма”

Мой самы яскравы ўспамін — гэта як узрываюцца граматы, людзі пачынюць бегчы, мусара даганяць. Потым мы ўсе хаваемся супер-хутка ў бары. Кагосьці валакуць за ногі. Мусара грукаюць у ралетныя дзверы і патрабуюць, каб усе выйшлі, бо “інакш будзе горш”. А мой сябар кажа, што калі з-пад дзвярэй пойдзе газ, трэба будзе іх вельмі хутка адчыніць, бо задыхнемся. 

І я думаю пра тое, у які бок упасці, калі гэта будзе адбывацца, каб людзі, якія пойдуць па мне, не раздавілі мяне на смерць.

Аляксей Кузьміч, мастак

Мне патрэбна была самая гарачая кропка ў тую ноч. Я накіраваўся да Стэлы. Гэта ўжо была не тая Плошча, як у 2010-м — ланцуг з дубаломаў у шлемах. Перада мной — наворочанае, дыхаючае пражэктарамі, аўтаматчыкамі і бранявікамі з вежамі пачвар’ё. Паўзучы Ктулху, расцягнуты ў шматногую сотню метраў, гатовы праглынуць вуліцу.

Я пайшоў да яго, як матэрыял для ахвярапрынашэння. Распяцце з выбарчым бюлетэнем і фаласам зверху. Ніякіх думак. Адчуванне пекла, паветра гарэла на шчакох. Я выйшаў, калі тварына пачала рух, і яна, раптам, тармазнулася на секунд трыццаць.

Правал. Памяць уключылася разам з грукатам гранаты ў двух метрах ад мяне. Далей — інстынкт. Бягу. Без адзення — аддаў яго камусьці з натоўпу.

На нас палююць. Натоўп — статак антылопаў, што бягуць ад драпежнікаў. Чорныя шлемы, касманаўты, пераразаюць паток, хапаюць людзей, збіваюць на абочынах. Унутры — ціхары. “Направа! Направа!“ — крычаць спрытнягі, заводзяць натоўп у пастку.

Збавіцель таксама ў патоку. Басанож, са стыгмамі і павязкай на сцёгнах, як толькі што зняты з крыжа. І нікому няма справы, ніхто на яго нават не глядзіць.

У нейкі момант я заскочыў у нейкую машыну, вырваўся. Але каля офіса зноў кардоны.

Вылятаю. Бягу.

Крычаць: “Стаяць!“

Не спыняюся. Не будуць жа яны расстрэльваць Ісуса...
Бег — адзіны правільны выбар.

Ліза Міраслаўская, Еўрарадыё

Выбары 2020 года былі першымі ў маім жыцці. Мне было 20. Памятаю, што спецыальна прыехала на іх з Мінска ў свой горад, каб прагаласаваць. Мы заўсёды на выбары хадзілі ўсёй сям’ёй: я, мама, тата і бабуля. Гэтым разам таксама. Бабулі за 80 гадоў і яна кепска чуе. Калі ішлі дварамі да ўчастка, яна ў мяне пытаецца: 
— Лізка, за каго ўвогуле галасаваць?
Я ёй гучна адказваю, што за Ціханоўскую. 
Яна: — За каго? ЗА КАГО?.
Кажу: — За Ціханоўскую!

У гэты момант каля пад’езда некага дома курыў мужык і ён нам падкрычаў: “Так, правільна! Мы таксама зараз ідзем галасаваць!” Гэта быў паказальны момант, калі адчуваеш еднасць.

Да таго ж, калі мы падыходзілі да ўчастка, было вельмі шмат людзей, проста неверагодна шмат. Было шмат знаёмых, суседзяў, аднакласнікаў. І шмат увогуле з белымі бранзалеткамі. Была неверагодная атмасфера.

“Гэта быў апошні сняданак у нармальным жыцці”. Беларусы — пра 9 жніўня 2020-га
Вечар 9 жніўня ў Баранавічах / intex-press.by

У мяне быў аднакласнік, з якім я ўсю школу сварылася праз палітыку. Пасля школы ён паступіў у Польшчу, а 8 жніўня напісаў і выбачыўся за ўсё тое, што тады казаў. Ён нават прапаноўваў, каб мы пайшлі ў школу і папрасілі настаўнікаў сумленна палічыць галасы. Для мяне гэта яшчэ адзін паказчык, як тыя падзеі паўплывалі на ўсіх.

Увечары я дамовілася ў сяброўкай пайсці ў цэнтр горада. Каля 18-ай на плошчы ўжо стаяла шмат міліцыі. Упершыню ў нашым горадзе бачыла столькі “касманаўтаў”. Пачалі адключаць інтэрнэт, і я так і не змагла сустрэцца з сяброўкай.

У людзей усё роўна атрымалася сабрацца. Іх было настолькі шмат, што яны не змяшчаліся на тратуары. Пазней было зразумела, што выбары зноў сфальсіфікавалі. І людзі выказвалі сваё абурэнне. Столькі ў Баранавічах ніколі не бачыла. Я стаяла сама і назірала ў шоку, што адбываецца.

Пазней пачалася страляліна света-шумавымі гранатамі. А потым прыехаў вадамёт. У той момант я зразумела, што ўвогуле адбываецца жэсць. Пасля гэтага людзі пачалі паволі разыходзіцца, і я таксама. Людзі на дарозе пыталі мяне, што адбываецца ў цэнтры. Я званіла ў іншыя гарады сябрам, усе казалі, што ў іх была жэсць, шмат людзей, нешта адбываецца.

“Гэта быў апошні сняданак у нармальным жыцці”. Беларусы — пра 9 жніўня 2020-га

Уладзімір Жыгар, прадстаўнік Belpol

Я прыбыў з таварышамі ў ноч з 6 на 7 жніўня ў Мінск. 7 жніўня мы сустрэліся са Святланай Ціханоўскай, а пасля гэтага “залеглі на дно”. Удзень 9 жніўня мы выйшлі ў горад, і што здзівіла — гэта пустэча. Горад быў мёртвы: ні машын, ні людзей.

На адным скрыжаванні мы спыніліся і ўбачылі вялізную калону так званых сілавікоў, якія ехалі з боку Уручча: аўтазакі, ПАЗы, нагружаныя ўнутранымі войскамі, машыны з калючым дротам “Ягоза”.

Прыкладна а 18-й мы прыйшлі да Стэлы. Там ужо пачалі збірацца людзі. Ну а бліжэй да 20-й усё пачалося.

“Гэта быў апошні сняданак у нармальным жыцці”. Беларусы — пра 9 жніўня 2020-га
Мінская Стэла ў ноч на 10 жніўня / Reuters

Колькасць людзей, безумоўна, уражвала. Спачатку людзі бегалі ад АМАПу, які з’яўляўся то тут, то там, а потым людзі зразумелі, што іх столькі, што бегчы больш няма патрэбы, і яны проста занялі дарогу.

Тады здавалася, што можна нешта змяніць. Але літаральна праз некалькі хвілін у натоўп паляцелі светлашумавыя гранаты.

Я не люблю ўспамінаць гэты дзень, таму што мы не змаглі зрабіць тое, што трэба было. І кожны раз думаю, што трэба было зрабіць асабіста мне і чаго я не зрабіў.

Што запомнілася больш за ўсё? Напэўна, канвойная машына, якая па нейкай прычыне апынулася за спінай асноўнай групы людзей. Людзі яе акружылі, і яна паехала праз натоўп, збіваючы ўсіх на сваім шляху.

Яўген, журналіст

Я тады працаваў на расійскае выданне, і таму ведаў, што 9-га адключаць інтэрнэт. Пра гэта папярэджвалі ў МЗС, каб быў час падрыхтавацца, зрабіць каналы сувязі і г.д. 

Я тады здзівіўся: навошта так робяць, няўжо яны чакаюць чагосьці настолькі вялікага.

І тут вечар 9-га, я працую на Нямізе, мы групкай журналістаў розных СМІ групуемся. Нешта пачынаецца і я чакаю: ну, будзе як у 2010-м ці як на Дні Волі ў 2017-м. Але потым раптам побач бачым мужчыну з крывёй, праз 10 хвілін трапляю пад слезаточны газ — і панеслася. Я вельмі здзівіўся, калі раптам аказалася, што вельмі шмат людзей.

Была масакра, і было вельмі страшна. Калі я вяртаўся дадому а 5-й раніцы, думаў: заўтра ўжо нічога не будзе. А было! І я быў так здзіўлены. І было страшна, шчыра. 

Зусім іншыя адчуванні з'явіліся ўжо праз тыдзень, 16-га. А з 9-га я памятаю страх і злосць.

“Гэта быў апошні сняданак у нармальным жыцці”. Беларусы — пра 9 жніўня 2020-га
Няміга, Мінск, 9 жніўня / AP

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.