Генштаб Украіны: расійскія вайскоўцы, адыходзячы, вывозяць нарабаванае
Расійскія вайскоўцы, адыходзячы з поўначы Кіеўскай вобласці, вывозяць у бок Беларусі нарабаванае, паведамляе ў ранішняй зводцы Генштаб Украіны. Адзначаецца, што ў складзе расійскіх калон былі грамадзянскія аўтамабілі (легкавікі, мікрааўтобусы, аўтобусы, грузавікі), забраныя падчас акупацыі ўкраінскай тэрыторыі. На іх вывозяць розную маёмасць. Украінскі бок сведчыць пра факты марадзёрства з боку расіян і ў іншых рэгіёнах Украіны.
31 сакавіка, сыходзячы з Чарнобыльскай АЭС, расійскія вайскоўцы забралі з сабой не толькі ўзятых у палон украінскіх нацгвардзейцаў, але і розную маёмасць — камп'ютары, кававаркі, чайнікі і г. д. Быў разрабаваны гатэль каля станцыі, з якога вывезлі ўсё аж да посуду, паведамляе suspilne.media.
Украінскія службы фіксуюць на вызваленай тэрыторыі ўсе гэтыя выпадкі.