Генпракуратура: Віктару Бабарыку выстаўлена новае абвінавачванне

24 ліпеня Генпракуратура Беларусі паведаміла, што палітыку, палітвязню Віктару Бабарыку выстаўлена новае абвінавачванне. Ён быў затрыманы 18 чэрвеня і з таго часу знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Яго крымінальную справу расследуе следчае ўпраўленне дзяржбяспекі. 20 чэрвеня Бабарыку выставілі абвінавачанні ў "дачы хабару" (ч. 2 арт. 431 КК), "ухіленні ад выплаты сум падаткаў" (ч. 2 арт. 243), "легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам" (ч. 2 арт. 235).
Цяпер жа, як паведамляе прэс-служба Генпракуратуры, "сабраныя па справе... доказы... далі падставу для змены і дапаўнення выстаўленага абвінавачання". Новае абвінавачанне Віктару Бабарыку выставілі 24 ліпеня. Адбылася перакваліфікацыя артыкула "дача хабару" ў "атрыманне хабару". Калі па ранейшым абвінавачанні пагражала максімальна пазбаўленне волі да 7 гадоў, то па цяперашнім — максімальна да 15 гадоў.
Сцвярджаецца, што Бабарыка атрымаў агулам больш за 28 мільёнаў рублёў ад прадстаўнікоў нейкіх камерцыйных структур з мэтай размеркавання грошай сярод кіраўніцтва "Белгазпрамбанка". А гэта кваліфікуецца, як "прыняцце службовай асобай для сябе матэрыяльных каштоўнасцяў у асабліва буйным памеры ў складзе арганізаванай групы".
Прэс-служба Генпракуратуры адзначае таксама, што ў "новым абвінавачанні канкрэтызаваны асобныя абставіны злачынстваў", у якіх абвінавачваецца Бабарыка. Працягваецца "удакладненне абставін злачынных дзеянняў". З гэтай мэтай накіраваны запыты аб аказанні прававой дапамогі ў Расію, Латвію, Эстонію, Вялікабрытанію, Турцыю, ЗША, Рэспубліку Кіпр і на Віргінскія астравы.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.