Галоўнага падаткавіка Ашмянскага раёна западозрылі ў карупцыі
Пракурорам Гродзенскай вобласці распачатая справа за незаконны ўдзел у прадпрымальніцкай дзейнасці.
У гэтым падазраюць начальніка інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах па Ашмянскім раёне. Як паведамілі БелаПАН у Генеральнай пракуратуры, начальнік інспекцыі фактычна займаўся прадпрымальніцкай дзейнасцю, складаючы ўстаноўчыя, фінансавыя і бухгалтарскія дакументы. Ён таксама выконваў адміністрацыйныя функцыі на прыватным прадпрыемстве “Баброўдрэў” ў Ашмянах.
Акрамя гэтага, чыноўнік спрыяў дзейнасці прадпрыемства “шляхам утойвання вядомых яму фактаў працаўладкавання ў камерцыйную структуру не менш за пяць наёмных работнікаў без адпаведнага дакумэнтальнага афармлення”. Крымінальная справа накіраваная для папярэдняга расследавання ў Следчы камітэт па Гродзенскай вобласці.