Фота з порнастудыі, якую арганізавала ў Мінску расіянка
Яна дзейнічала ў чэрвені-снежні 2014-га. Расследаванне завершанае, крымінальная справа ўжо ў пракуратуры, адкуль яе перададуць у суд.
Упраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці завяршыла расследаванне крымінальнай справы па факце арганізацыі ў Мінску порнастудыі. Справу перадалі ў пракуратуру, адкуль яна патрапіць у суд.
Як паведамляла Еўрарадыё, порнастудыю арганізавала ў Мінску 25-гадовая грамадзянка Расіі, якая мае від на жыхарства ў нашай краіне, разам са сваім 31-гадовым мужам. Іх "бізнес" існаваў у чэрвені-снежні 2014 года на здымнай кватэры. Быў арганізаваны распаўсюд і рэкламаванне парнаграфічных матэрыялаў у інтэрнэце.
Прэс-служба Следчага камітэта інфармуе, што жанчына наймала дзяўчат, якія за грошы "выконвалі любыя просьбы па задавальненню сэксуальных патрэбаў карыстальнікаў інтэрнэта ў рэжыме онлайн". Следчыя ўстанавілі 14 дзяўчат, якія працавалі ў порнастудыі, і яшчэ 20, якіх спрабавалі завербаваць.
Муж расіянкі абслугоўваў камп'ютарнае абсталяванне, фотатэхніку. Грошы ад кліентаў арганізатары атрымлівалі на аформленыя на падстаўных асобаў плацёжныя карты замежных банкаў.
На падставе вынікаў мастацтвазнаўчай экспертызы трансляваныя студыяй матэрыялы былі прызнаныя парнаграфічнымі. Крымінальную справу распачалі па артыкуле "выраб, распаўсюд і рэкламаванне парнаграфічных матэрыялаў і выяваў групай асобаў па папярэдняй змове з выкарыстаннем глабальнай камп'ютарнай сеткі інтэрнэт". Арганізатары порнастудыі застаюцца пад вартай.



Фота: sk.gov.by