У ФК “Дынама Мінск” з'явіўся легіянер з Чарнагорыі
Балканскі форвард мінулы сезон правёў у Кітаі, дзе гуляў за клуб “Чанчунь Ятань”.
Чарнагорскі нападаючы Фатас Бечырай заключыў кантракт з мінскім “Дынама”. Пагадненне разлічанае на два гады. Балканец перайшоў у беларускі клуб на правах вольнага агента.
Фатас Бечырай нарадзіўся 5 траўня 1988 года ў горадзе Печ, сваю кар’еру пачаў на малой радзіме ў клубе “Беса”, які выступае ў чэмпіянаце Косава. У 2008 годзе Бечырай перайшоў у клуб чарнагорскай лігі “Будучност” (Падгорыца), з якім выйграў чэмпіянат Чарнагорыі ў сезоне 2007/2008.
З 2010 па 2014 год выступаў у чэмпіянаце Харватыі ў складзе “Дынама” (Заграб). У складзе гэтага клуба Бечырай тройчы выйграваў чэмпіянат і двойчы Кубак Харватыі. Прымаў удзел у групавым раўндзе Лігі Чэмпіёнаў. Мінулы сезон Бечырай правёў у складзе клуба “Чанчунь Ятай”, які выступае ў Суперлізе Кітая.
Ад сакавіка 2009 года Фатас Бечырай выступае за нацыянальную зборную Чарнагорыі. На клубным узроўні футбаліст правёў 207 матчаў у розных турнірах (чэмпіянат, кубак, еўракубкі), забіў 69 мячоў. У складзе нацыянальнай зборнай Чарнагорыі правёў 35 матчаў, забіў 3 галы, інфармуе афіцыйны сайт ФК “Дынама Мінск”.