Фінляндыя адмовіла ва ўездзе на сесію АБСЕ 6 расійскім парламентарам

Фінляндыя прыняла рашэнне не выдаваць спікеру Дзярждумы Расіі Сяргею Нарышкіну дазвол на ўезд у краіну для ўдзелу ў сесіі Парламенцкай асамблеі АБСЕ, якая пройдзе 5-9 ліпеня. Пра гэта ў сераду, 1 ліпеня, паведаміла прадстаўнік фінскага МЗС Пяйві Каўкаранта.

Паводле яе слоў, на тэрыторыю Фінляндыі не дазволены ўезд шасці прадстаўнікам расійскай дэлегацыі, якія ўключаны ў санкцыйных спіс, у тым ліку Сяргею Нарышкіну. Каўкаранта таксама адзначыла, што да прыняцця гэтага рашэння фінскі бок “кансультаваўя з прадстаўнікамі краін-членаў ЕС, кіраўнікамі ЕС і АБСЕ, а таксама з іншымі экспертамі”, паведамляе Deutsche Welle.

Пасля гэтага спікер Дзярждумы Сяргей Нарышкін заявіў, што расійская дэлегацыя ў поўным складзе адмовілася ехаць на летнюю сесію Парламенцкай асамблеі, паведамляе РІА “Новости”.

Па дадзеных дэпутата Дзярждумы, спецпрадстаўніка парламенцкай асамблеі АБСЕ па барацьбе з тэрарызмам Мікалая Кавалёва, усяго чатыры дзяржавы выказаліся супраць выдачы дазволу на ўезд расійскім парламентарам. 

“Там усяго тры ці чатыры дзяржавы запярэчылі супраць выдачы (дазволу на ўезд). Натуральна, гэта Прыбалтыка ... Эстонія, Латвія, Літва і, па-мойму, Румынія. І грунтуючыся на думцы вось гэтых краін, фінскі МЗС раптам прымае рашэнне адмовіць”, - сказаў Кавалёў.

Фота: lifenews.ru