Фігуранта справы "падрыхтоўкі тэракту ў Дзень Перамогі" асудзілі на 20 гадоў
Валерый Водзін / АНТ
Аднаго з фігурантаў справы "падрыхтоўкі тэракту ў Дзень Перамогі" асудзілі завочна, паведамляюць праваабаронцы "Вясны". 25-гадоваму Валерыю Водзіну, які жыве ва Украіне, прысудзілі 20 гадоў калоніі, а таксама штраф 24 тысячы рублёў (600 базавых).
Разам з ім судзілі Андрэя Грыгор'ева, 30-гадовую Вікторыю Волчак, 25-гадовую Ганну Савачкіну і яе маці Таццяну Русак. Іх прысуды праваабаронцы пакуль высвятляюць.
Судовы працэс па гэтай справе пачаўся ў Мінгарсудзе 26 ліпеня і завяршыўся 9 жніўня. Ён быў закрытым. Падсудных вінавацілі ў тым ліку ў "здрадзе дзяржаве" (ч. 1 арт. 356 КК) і "падрыхтоўцы да акту тэрарызму" (ч. 1 арт. 13 і ч. 2 арт. 289 КК).
Падрабязнасці справы агучваліся ў прапагандысцкім фільме АНТ. Дзяржпрапагандысты сцвярджалі, быццам Водзін па заданні ўкраінскай разведкі даслаў праз Італію выбухоўку ў настольных электраплітах. Яна нібыта прызначалася для арганізацыі тэрактаў. Паведамлялася, што маладыя людзі пра гэта не ведалі. Нельга выключаць, што ўся справа ад пачатку да канца была правакацыяй беларускіх спецслужбаў.