“Фенібут” працуе як алкаголь, а “шлакаў” у нас няма: доктар пра “фуфламіцыны”

Доктар Пікірэня пра "фуфламіцыны"

Доктар Пікірэня пра "фуфламіцыны" / Euroradio

Адаптагены — гэта рэчывы, вытворцы якіх абяцаюць, што вы пачнеце адчуваць сябе лепей. Прыстасуецеся да стрэсу, станеце сільнейшымі і здаравейшымі. Разам з доктарам псіхіятрам Уладзімірам Пікірэнем Еўрарадыё разбіралася, якія з гэтых рэчываў не працуюць. Сярод іх і вельмі папулярныя.

Увогуле ўсе адаптагены можна падзяліць на тры групы: адны абяцаюць палепшыць імунітэт, другія — стан мозгу, трэція запэўніваюць, што дапамогуць пераадолець стрэс.

Якія "лекі" лепей не набываць

“Сібірскі жэньшэнь” падтрымае імунітэт?

Падтрымаць ваш імунітэт абяцаюць вытворцы разнастайных экстрактаў элеутэракока. Вы можаце ведаць элеутэракок яшчэ пад назвай “сібірскага жэньшэня”.

— Быў цэлы стос даследаванняў (невялічкіх і не вельмі якасных) пра гэты лек, — кажа доктар Пікірэня. — І вынікі гэтых даследаванняў аказаліся не вельмі станоўчымі і не вельмі ўразілі. На дадзены момант высновы розных вялікіх аглядаў паказваюць, што сэнсу прымаць гэты “лек” няма. Калі вам падабаецца смак, безумоўна, гарбатку можна згатаваць. Але спадзявацца на эфекты не трэба.

Прыкладна такая самая сітуацыя і з іншымі лекамі, якія тэарэтычна павінны паляпшаць імунітэт. Напрыклад, з жэншэням і эхінацеяй.

Яшчэ адно рэчыва, якое набірае папулярнасць — “Фулерэн”. Гэта форма існавання вугляроду, і праз гэта рэчыва добра прыцягвае ваду. Таму яго выкарыстоўваюць у касметычных сродках, каб палепшыць вільготнасць скуры разам з той жа гілаўронавай кіслатой. І гэта эфектыўна. Але ў якасці дадатку да ежы прымаць яго няма сэнсу, хоць “лек” і рэкламуецца як цудоўны сродак для вывядзення “шлакаў”.

— Між іншым, калі вы сустрэлі слова “шлакі” у апісанні лека, гэта дакладны індыкатар таго, што доказаў яго эфектыўнасці няма, — кажа Пікірэня. — Такога паняцця як “шлакі” у арганізме не існуе. Чалавечы арганізм — гэта не вытворчасць сталі.

 

Што б такога з’есці, каб лепей думаць?

Яшчэ адна вялікая група адаптагенаў — тыя, што абяцаюць паляпшаць функцыі мозгу. І тут адрозніваць умоўныя фуфламіцыны ад сапраўднага рэчыва для паляпшэння функцый мозгу вельмі проста, кажа Пікірэня.

— Калі напісана, што гэта адаптагэн і паляпшае функцыю мозгу, значыць гэта фуфламіцын. Няма ніякіх сродкаў, якія б у гэтым дапамагалі. Ёсць канкрэтныя сродкі для канкрэтных хваробаў, напрыклад, для дэменцыі ці хваробы Альцгеймера. І такія спецыфічныя лекі вы без рэцэпта вы не купіце. Усе астатні сродкі — фуфламіцыны, — запэўнівае доктар.

Адной з самых папулярных груп такіх лекаў з'яўляюцца ліяфілізаты з кары галаўнога мозгу жывёл, напрыклад, каровы ці свінні.

— І гэтыя сродкі прапануецца нават не тое што прымаць унутр, а рабіць імі ін’екцыі. Ніякіх доказаў іх эфектыўнасці няма. Мала таго, некаторая з іх забароненыя ў розных краінах, таму што нясуць з сабою рызыку прыонных хваробаў. А прыонныя хваробы не лечацца. І нават невялічкі адсотак такой рызыкі не варты таго, каб ужываць гэтыя лекі, — перасцерагае Пікірэня.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.