Еўрасаюз пачынае масавую вакцынацыю ад COVID-19 ужо перад Новым годам

Лекар інтэнсіўнай тэрапіі атрымлівае вакцыну ад каранавірусу кампаніі Pfizer-BioNTech у Жаночай бальніцы ў Бостане, ЗША, 16 снежня 2020 года / Reuters
Лекар інтэнсіўнай тэрапіі атрымлівае вакцыну ад каранавірусу кампаніі Pfizer-BioNTech у Жаночай бальніцы ў Бостане, ЗША, 16 снежня 2020 года / Reuters

Масавая вакцынацыя ад COVID-19 жыхароў Еўрасаюза пачнецца 27-29-га снежня. Пра гэта заявіла кіраўніца Еўракамісіі Урсула фон дэр Ляен у сваім твітэры:

"Гэта важны дзень для Еўропы. Мы ўсе разам абараняем нашых грамадзян, мы моцныя разам", — напісала еўрачыноўніца.

Напярэдадні яна заявіла, што вакцынацыю ў ЕС варта правесці скаардынавана: для перамогі над каранавірусам трэба вакцынаваць 70% насельніцтва, і будзе лепш, калі працэс будзе запушчаны адразу ў 27-мі краінах.

Еўракамісія заключыла кантракты з цэлым шэрагам пастаўшчыкоў вакцын, піша РБК. "У агульнай складанасці мы закупілі больш чым дастаткова доз вакцыны, каб вакцынаваць кожнага ў Еўропе, і мы зможам аказаць падтрымку нашым суседзям і партнёрам па ўсім свеце", — паведаміла кіраўніца Еўракамісіі, выступаючы на ​​пленарнай сесіі Еўрапарламента.

Праграмы па вакцынацыі ўжо стартавалі ў Вялікабрытаніі, ЗША (тут пакуль прышчапляюць толькі медработнікаў, але ў бліжэйшы час вакцына стане даступная для ўсіх катэгорый насельніцтва), Канадзе і Расіі. Эксперыментальнай расійскай вакцынай прышчэпленыя некаторыя беларускія чыноўнікі. Аляксандр Лукашэнка не выключае, што ўласная вакцына ад каранавірусу можа з'явіцца і ў Беларусі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.