Экс-палітзняволеная расказала, як бачылася з Марыяй Калеснікавай

Марыя Калеснікава з бацькам у лякарні падчас адбывання тэрміну
Марыя Калеснікава ў калоніі падтрымлівае іншых зняволеных. Пра гэта былая палітзняволеная Таццяна Купчына расказала ў інтэрв'ю выданню "Салідарнасць". Жанчына выйшла на волю ў студзені 2024 года.
Купчына згадвае, як Калеснікаву прывезлі з лякарні пасля аперацыі. Яна бачыла гэта, бо акурат прыйшла па таблеткі: "Я выйшла на вуліцу, а там падмацаванне — яшчэ шэсць мянтоў, апранутыя па-цывільнаму. Усе яны глядзелі, як выводзілі Машу, якая рэальна тады ледзь рухалася. Нам сказалі хутка зайсці ўсярэдзіну і зачыніць дзверы. Мы зайшлі, але дзверы я прыадчыніла і бачыла, як ёй дапамагалі ісці, яна была яшчэ з катэтарам. Пазней мы даведаліся, што Машу паклалі ў асобную палату і даглядаць яе прыставілі адну зняволеную, якая ляжала ў санчастцы. У той была анкалогія, пасля яна памерла".
Некалькі разоў, кажа Купчына, яны аказваліся з Калеснікавай у адной чарзе да доктара: "Я тады спытала ў яе: "Як ваша здароўе?" Яна адказала: "У прынцыпе, нічога". Мне вельмі хацелася яе падтрымаць: "Не ведаю, што вам сказаць, але вы трымайцеся, беражыце сябе!" Мабыць, і яна захацела мяне падтрымаць і сказала: "Вы таксама сябе беражыце. Мы пераможам. Мы ўсё зможам, паверце".
Купчына кажа, што пасля таго, як Калеснікава пабыла на бальнічным у атрадзе яе зноў адправілі ў ШІЗА (штрафны ізалятар). Там да Марыі падсадзілі псіхічна неўраўнаважаную жанчыну, але палітзняволеная знайшла да яе падыход і нават навучыла спяваць "Муры". Потым яны разам спявалі гэтую песню.
Хаця Калеснікава лічылася ў адным з атрадаў, фактычна яе там не было. "Маша замацаваная за 18-м атрадам, яна была там у спісах, там былі яе ложак і матрац, і, я ведаю, што нейкі час яго не дазвалялі займаць. Але фактычна яна не была ў атрадзе, яе перавялі ў ПКТ, ШІЗА, і больш у атрад яна амаль не вярталася, толькі адразу пасля бальніцы", — кажа Купчына.
Яна дадае, што пасля аперацыі Калеснікава вярнулася страшна схуднелай. Харчаванне ў калоніі, як падкрэслівае экс-палітзняволеная, — без вітамінаў і карысных рэчываў: "Але ў кашу і іншыя стравы дадаюць камбітлушч, і жанчыны часам не тое каб папраўляюцца, а пухнуць".
У калоніі, згадвае Купчына, з Калеснікавай не дазвалялі кантактаваць: "Але ў сталовай наша змена ела адначасова з ёй. І калі яна дзяжурыла па стале, несла посуд, заўсёды паспявала сказаць: "Дзяўчынкі, трымаемся!".
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.