Дзярждэпартамэнт ЗША злавіў Уладзіміра Пуціна на хлусні (фота)
Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў у сваім акаўнце ў Twitter новыя спадарожнікавыя здымкі, зробленыя 12 траўня.
На іх відаць, што расійскія войскі па-ранейшаму знаходзяцца недалёка ад мяжы з Украінай, адзначае Радыё "Свабода".
Нагадаем, што 7 траўня прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін заявіў, быццам Расія адвяла войскі ад мяжы з Украінай у месцы пастаянных вучэнняў.
На спадарожнікавым фота, зробленым у Растоўскай вобласці 12 траўня за 75 км ад мяжы з Украінай, відаць групу расійскай бронетэхнікі. Транспартныя сродкі ёсць таксама на фотаздымку, зробленым у гэтым жа раёне 23 сакавіка. На больш раннім фота вайсковая тэхніка адсутнічае.
Здымкі, апублікаваныя Дзярждэпам ЗША, таксама паказваюць, што 9 траўня каля 20 расійскіх верталётаў знаходзіліся ў раёне Белгарада, побач з украінскай мяжой. Верталёты відаць і на фотаздымку той жа пляцоўкі ад 26 сакавіка, а на фота, зробленым 22 сакавіка, іх няма.