Дзверы арыштаванай кватэры актывіста не толькі апячаталі, але і прыварылі
Дзверы кватэры Аляксея Ерахаўца / праўладны тг-канал
У праўладных тэлеграм-каналах з'явіўся фатаздымак апячатаных дзвярэй кватэры аднаго з актывістаў дыяспары. Як бачна на фота, дзверы не толькі апячаталі, але і прыварылі.
Паводле звестак "Нашай Нівы", гэта кватэра Аляксея Ерахаўца. У траўні 2020-га ён прыйшоў у штаб Віктара Бабарыкі, а далей актыўна ўдзельнічаў у працы аб'яднанага штаба. Ерахавец быў адным з ініцыятараў стварэння незалежнага саюза беларускіх дыяспар "Беларусы замежжа", удзельнічаў у арганізацыі фонду "Краіна для жыцця". Цяпер ён жыве ў Польшчы.
Учора Следчы камітэт заявіў пра крымінальную справу на прадстаўнікоў "Народных амбасадаў Беларусі" і "Беларусаў замежжа". Па справе праходзяць не менш за 100 чалавек. Таксама ведамства падкрэсліла, што выявіла "больш за 30 аб'ектаў нерухомасці, якія належаць фігурантам, на тэрыторыі нашай краіны".