Дзевятоўскі: Даходы чыноўнікаў у адкрытым доступе адпужнуць ад дзяржслужбы
Бо заробак у чыноўніка, напрыклад, ў 6 мільёнаў адаб’е ахвоту ў іншых ісці на такую пасаду, лічыць дэпутат Палаты прадстаўнікоў.
Праект новага “Закона аб карупцыі” вынеслі на грамадскае абмеркаванне. У параўнанні з дзеючым дакументам 2006 года, змены ў які ў апошні раз уносіліся ў 2011-м, новы павялічыўся на цэлы раздзел “Дэклараванне даходаў і маёмасці” і 18 артыкулаў.
Цяпер прапануецца, каб усе чыноўнікі, дэпутаты, сенатары, суддзі, пракуроры, а таксама адказныя асобы ў КДБ, МУС, МНС, КДК, Міністэрстве абароны і іншых структурах штогод здавалі дэкларацыі аб даходах і маёмасці, у якія ўносілі дачныя надзелы, транспартныя сродкі, творы мастацтва, будаўнічыя матэрыялы, долі ва устаўных фондах. Дэклараваць прапануецца нават маёмасць непаўналетніх, а таксама дэкларацыю мусяць здаваць жонка\муж, дзеці і сваякі, калі яны пражываюць разам з чыноўнікам.
Але як па старым, так і па новым праекце маёмасць і даходы дзяржслужбоўцаў і дэпутатаў застаюцца закрытымі для грамадскасці. Дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вадзім Дзевятоўскі лічыць, што раскрываць даходы чыноўнікаў нельга.
Вадзім Дзевятоўскі: “На чалавечым узроўні, калі пытаюцца пра заробак — гэта не заўжды ўсім падабаецца. Заробак — гэта інфармацыя прыватнага характару. Дзяржава лішняга не даплаціць, бо там прапісаныя ўсе тарыфы. Кіраўнік краіны не раз казаў пра даходы, якія вышэйшыя за афіцыйны заробак. Таму, калі мы гаворым пра звышдаходы, то трэба ведаць крыніцы гэтых даходаў. Тады можна казаць пра тое, што чыноўнік акрамя сваіх прамых абавязкаў атрымоўвае даход. Але калі мы апублікуем дэкларацыі чыноўнікаў — гэта можа адбіць ахвоту ісці на дзяржслужбу, бо калі чалавек убачыць, што на пасадзе кіраўніка заробак, напрыклад, 6 мільёнаў, яму можа быць не захочацца ісці на такую пасаду”.
На думку дэпутата, заробкі чыноўнікам варта павышаць.
Фота: news.vitebsk.cc