Дзе водзяцца пираты: на якіх сайтах беларусы глядзяць кіно і серыялы бясплатна

Сотні тысяч (калі не мільёны) беларусаў працягваюць выбіраць пірацтва / euroradio.fm
Пірацкі кантэнт у Беларусі па-ранейшаму перамагае легальны. І гэтаму спрыяе не толькі адсутнасць кантролю з боку дзяржавы, але і яе фактычнае заахвочванне: “піраткі” паказваюць нават у кінатэатрах. Але ёсць і іншыя прычыны — напрыклад, найбуйнейшыя сусветныя стрымінгавыя сэрвісы не перакладаюць фільмы і серыялы на рускую мову або зусім недаступныя ў Беларусі. Большасць гледачоў не прывыкла глядзець з субцітрамі, ды і ўвогуле культура аплаты за кантэнт у нас толькі пачынае фарміравацца.
Штомесяц беларусы сотні тысяч разоў уводзяць у Google запыты, звязаныя з праглядам фільмаў і серыялаў анлайн — гэта могуць быць назвы навінак, назвы пірацкіх сайтаў, спалучэнні тыпу “глядзець”, “бясплатна”, “анлайн” і г.д. — варыянтаў амаль бясконцая колькасць.
Якія пірацкія сайты з фільмамі і серыяламі (а часам і з замежнымі тэлешоу) цяпер уваходзяць у топ-3 у Беларусі? Еўрарадыё паспрабавала вызначыць лідараў з дапамогай сэрвісаў Similarweb і Serpstat. Таксама мы знайшлі яшчэ адно месца, дзе сёння беларусы часта глядзяць пірацкае кіно — але пра гэта крыху пазней.
⸻
Kinogo
Толькі на самым папулярным з сайтаў Kinogo (у праекта некалькі “люстэркаў”) за май 2025 года прыпала 74,4 мільёна праглядаў. З іх 37,4% — з Беларусі.
Інакш кажучы, з Беларусі сайт Kinogo атрымаў 27,8 мільёна праглядаў за месяц! Гэта ў сярэднім больш за тры разы на кожнага жыхара краіны, уключаючы немаўлят.
Падаецца, гэта самы папулярны сайт з бясплатнымі (чытай: пірацкімі) фільмамі і серыяламі ў Беларусі.
Топ-3 фільмаў, якія цяпер найбольш папулярныя на Kinogo: “Навічок”, “Громавержцы” і новы “Пункт прызначэння” (мы думалі, што фільмы гэтай серыі больш не выходзяць — але вось жа не).

Seasonvar
Сайт, які калісьці стаў папулярным дзякуючы пірацкім серыялам, паступова страчвае сваю аўдыторыю. За май 2025 года яго наведалі толькі 12,3 мільёна разоў. Але і тут на першым месцы сярод краін — Беларусь: 39% праглядаў.
Усяго жыхары краіны наведалі сайт амаль 4,8 мільёна разоў — і гэта без уліку некалькіх “люстэркаў” Seasonvar.
Сярод самых папулярных цяпер серыялаў на сайце пазначаныя: “Грымсбург / Мракбург”, “Сардэчна запрашаем у Рэксэм” і “Олімпа” (прызнаемся, чуем пра іх упершыню).
Kinokong
Замыкае топ-3 пірацкіх сайтаў у Беларусі праект “КіноКонг”. За май яго агульная аўдыторыя склала амаль 10 мільёнаў праглядаў, з якіх 15% прыпадае на Беларусь — гэта каля 1,5 мільёна праглядаў.
“Пірацяць” на сайце даволі хутка — прыкладна праз тыдзень пасля прэм’еры там ужо з’явіўся новы фільм “Як прыручыць цмока”.
Дзе яшчэ глядзяць пірацкае кіно?
Сайтаў з пірацкімі фільмамі і серыяламі шмат, і беларускія ўлады амаль не блакуюць іх — выключэнне робяць хіба што, калі там з’яўляецца палітычная рэклама. Пытанне аўтарскага права, відавочна, ніхто сур’ёзна не разглядае, бо і ў кінатэатрах часта паказваюць навінкі незаконна.
Сярод іншых пляцовак, дзе цяпер шмат крадзенага кантэнту, вылучаецца Rutube. Расійскі “забойца YouTube” не змог заваяваць папулярнасць праз палітычныя шоу, таму цяпер актыўна набірае прагляды дзякуючы пірацтву.

На Rutube хутка з’яўляюцца перакладзеныя на рускую мову фільмы і серыялы, якія лёгка знайсці праз той жа Google.
У цэлым з Беларусі за май 2025 года Rutube наведалі 7,4 мільёна разоў. Дакладна сказаць немагчыма, але вельмі верагодна, што большасць беларусаў заходзілі туды менавіта дзеля прагляду пірацкага кантэнту.
На сайтах, дзе можна глядзець фільмы і серыялы легальна, сітуацыя іншая. “КінаПошук” з Беларусі за месяц наведваюць 6,5 мільёна разоў, але цяжка сказаць, які працэнт з гэтага прыпадае менавіта на прагляд фільмаў, а не, напрыклад, на чытанне рэцэнзій.
“Амедыятэку”, дзе даступныя серыялы HBO, з Беларусі наведваюць усяго толькі 16,5 тысячы разоў у месяц.
Відавочна, што мы маглі не ўлічыць некаторыя праекты, таму ўсе прыведзеныя ў матэрыяле дадзеныя носяць прыкладны характар.
Тут вы можаце прачытаць, дзе беларусы могуць глядзець заходнія фільмы і серыялы з перакладам.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.