Дырэктарка фабрыкі "Слодыч" незаконна праслухоўвала падначаленых
Праваахоўныя органы затрымалі дырэктарку кандытарскай фабрыкі Таццяну Селіх.
Упраўленне Следчага камітэта па Мінску расследуе крымінальную справу, пачатую Камітэтам дзяржбяспекі. Абвінавачанымі па справе праходзяць службовыя асобы адной з камерцыйных фірмаў. Іх вінавацяць у незаконным вырабе і збыце спецыяльных тэхнічных сродкаў, прызначаных для сакрэтнага атрымання інфармацыі, паведамляе interfax.by.
Падчас расследавання выявілася, што дырэктарка фабрыкі "Слодыч" распарадзілася набыць у гэтай фірмы спецыяльнае падслухвальнае і гуказапісвальнае абсталяванне за кошт прадпрыемства і ўсталяваць яго ў службовых памяшканнях.
Дзеянні дырэктаркі кандытарскай фабрыкі расцэненыя як злоўжыванне службовымі паўнамоцтвамі ў асабістых інтарэсах, з прычыненнем прадпрыемству шкоды ў асабліва буйным памеры — больш за 202 мільёны рублёў.
Таксама, кажуць прадстаўнікі Следчага камітэта, дырэктарка прычыніла шкоду "правам і законным інтарэсам грамадзян шляхам парушэння таямніцы тэлефонных перамоваў і іншых спосабаў зносін, з выкарыстаннем спецыяльных сродкаў".
Дарэчы, сёлета ў сакавіку Таццяну Селіх адзначылі званнем "Жанчына года" ў намінацыі "За прафесіяналізм".
Фота — bus.znate.ru