Двое беларускіх выдаўцоў увайшлі ў шорт-ліст прэміі Prix Voltaire 2025

Кнігі, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У шорт-ліст прэміі Prix Voltaire 2025 увайшлі двое беларускіх выдаўцоў. Агулам у шорт-лісце шэсць імёнаў.
Прэмія Prix Voltaire 2025 выдаецца за свабоду публікацыі. Яе заснавала Міжнародная асацыяцыя выдаўцоў (IPA).
Сёлета ў шорт-ліст увайшлі Надзея Кандрусевіч, выдавецтва Koska, Беларусь (у выгнанні ў Швецыі) і Дзмітрый Строцаў, выдавецтва Hochroth Minsk, Беларусь (у выгнанні ў Германіі), паведамляе Беларускі ПЭН.
Летась у шорт-ліст гэтай прэміі уваходзіў выдавец Андрэй Янушкевіч.
"Свабода публікацыі з'яўляецца жыццёва важнай умовай для існавання свабоды выказвання і для таго, каб людзі маглі ў поўнай меры карыстацца правам на чытанне. Прэмія IPA Prix Voltaire прызнае заслугі тых выдаўцоў, якія змагаюцца за сваю свабоду публікаваць выдатныя творы і даносіць іх да чытачоў. Гэта правы, за якія мы павінны змагацца пастаянна", — пракаментавала Крыстэн Эйнарсан, старшыня Камітэта IPA па свабодзе публікацыі.
Яна дадала, што некаторыя з намінантаў вымушаныя змагацца за свабоду публікацыі нават у выгнанні.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.