Два расійскія дроны ўпалі ў Гомельскай вобласці
Беспілотнік, фота ілюстрацыйнае / Shutterstock
Два расійскія дроны ўпалі ў Брагінскім раёне, піша "Флагшток". Абодва інцыдэнты здарыліся 1 кастрычніка падчас чарговага расійскага масіраванага налёта на Украіну. Беспілотнікі ўпалі ў мястэчку Камарын, што знаходзіцца на мяжы Гомельскай вобласці Беларусі і ўкраінскай Чарнігаўскай вобласці.
Паводле тамтэйшых, адзін з іх выбухнуў у сасонніку непадалёк ад АЗС. Другі праламаў дах прыватнага будынку, але не выбухнуў.
"Мясцовых жыхароў у вялікім радыусе надоўга адсялялі, ніяк не маглі размініраваць. І часта, як і раней, дроны гудуць над мястэчкам з разваротам на Кіеў ці з пралётам на Брагін. Няма спакою", — расказвае крыніца выдання.
Расійскія "шахеды" пачалі залятаць у Беларусь у ліпені 2024 года. У канцы жніўня ў Ельскім раёне на Гомельшчыне быў збіты першы расійскі ўдарны беспілотнік.