Для паездкі ў Латвію давядзецца загадзя запаўняць адмысловую анкету

Рыга, ілюстрацыйнае фота

Рыга, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Грамадзянам Беларусі з 1 верасня трэба будзе запаўняць адмысловую анкету для ўезду ў Латвію.

Яна будзе неабходная ва ўсіх выпадках: і калі вы перасякаеце беларуска-латвійскую мяжу, і калі едзеце ў Латвію з суседніх краінаў Еўрасаюза, і нават калі маеце транзітны рэйс праз рыжскі аэрапорт.

Патрабаванне таксама распаўсюджваецца на грамадзянаў Украіны і Расіі. Выключэнне будзе зробленае для людзей з латвійскімі візамі ці ВНЖ і дыпламатаў.

Анкету трэба будзе запаўняць не пазней за 48 гадзінаў да ўезду. У дакуменце трэба будзе ўказваць мэту і працягласць паездкі, месца знаходжання ў Латвіі і маршрут. Таксама — кантактную інфармацыю і некаторыя звесткі пра сябе і пра сваякоў: ці быў/ёсць статус дзярслужбоўца; ці служылі вы ў войску, спецслужбах, памежнай службе, мытні, органах МУС, юстыцыі ці МЗС (уключна з дыпслужбай).

Норма будзе дзейнічаць як мінімум да канца 2027 года. Праверка будзе ажыццяўляцца выбарачна. Калі прыехаць у Латвію без анкеты, вам пагражае штраф 2000 еўра. Акрамя таго памежнік можа проста не пусціць вас у краіну.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.