Давыдзька: тое, што людзям не даюць магчымасці абараніць свае правы, — дрэнна
Генадзь Давыдзька / Еўрарадыё
"На жаль, улада дапусціла вельмі шмат памылак", — заявіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Генадзь Давыдзька ў размове з tut.by пра тое, што ў Беларусі могуць затрымаць чалавека за законнае права — падаць скаргу. Пералічваць памылкі ўлады былы прапагандыст адмовіўся, але дадаў:
"Тое, што людзям не даюць магчымасці абараніць свае правы, — гэта дрэнна. За гэта трэба змагацца".
Паводле слоў Давыдзькі, 21 жніўня ён звярнуўся з лістом у МУС з патрабаваннем растлумачыць, ці заведзеныя справы на сілавікоў, якія катавалі людзей у месцах пазбаўлення волі. Дэпутат дапускае, што да трапляння ў аўтазак да ўдзельніка несанкцыянаванага мерапрыемства пры супраціве супрацоўніку міліцыі можа быць прымененая "дазавання фізічная сіла".
"Але як толькі ён апынуўся ў аўтазаку, пальцам да яго нельга дакранацца. У засценках — тым больш ні ў якім разе. Калі ёсць факты збіцця, а яны, мабыць, ёсць, іх трэба расследаваць, трэба караць вінаватых праз суд згодна з заканадаўствам. Абсалютна гэтак жа, як і тых, хто нападаў на супрацоўнікаў міліцыі. Гэтыя людзі павінны быць затрыманыя, распачатыя крымінальныя справы. І ўсё павінна быць вельмі галосна. Гэта важна для людзей, каб не стваралася адчуванне, што хтосьці нешта хавае. У нас бяда ў грамадстве: раскол пазначаецца. Ён ужо ёсць. Нам трэба працаваць на кансалідацыю, прычым толькі сумленнасцю. Нам сумленна трэба прызнавацца ў сваіх памылках і працаваць адно з адным".
Генадзь Давыдзька лічыць, што беларускае грамадства павінна аб'яднацца ў працы над новай канстытуцыяй.
"Павінна быць абсалютна празрыстая сумесная праца ўсім народам над асноўным законам, прыняцце Канстытуцыі, абнуленне ў сувязі з гэтым усіх органаў улады, новыя выбары ва ўсе інстытуты і жыццё па-новаму. Толькі гэта можа кансалідаваць грамадства. Калі цяпер ісці сцяна на сцяну, нічога не будзе", — рэзюмаваў дэпутат.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.