Дакументацыі на пабудову беларускага порта ў Мурманскай вобласці яшчэ няма

Мурманск, ілюстрацыйнае фота

Мурманск, ілюстрацыйнае фота / ria.ru

Інвестыцыйная дэкларацыя па беларускім порце ў Мурманскай вобласці яшчэ не паступала. А праектную дакументацыю па ім плануецца падрыхтаваць толькі да канца 2026 года. Пра гэта расійскім СМІ паведаміў кіраўнік Расмаррэчфлота Андрэй Тарасенка.

Ён дадаў, што дагэтуль працягваецца абмеркаванне размяшчэння порта і робяцца разлікі. "Сярод магчымых варыянтаў размяшчэння новага порта можа быць Далёкі Усход, Санкт-Пецярбург, разглядаецца магчымасць рачной перавозкі", прыводзіць словы расійскага чыноўніка выданне "Белорусы и рынок".

Між тым для гэтага праекта яшчэ летась была створаная кампанія "Марскі тэрмінал "Портарктык". Яе бенефіцыярам называюць Мікалая Вараб'я — аднаго з "гаманцоў Лукашэнкі".

Меркавалася, што беларускі порт у Мурманску пачне дзейнічаць ужо ў 2028 годзе. Праз яго планавалася пастаўляць беларускі экспарт на новыя рынкі пасля таго, як для Беларусі ў выніку санкцый былі закрытыя парты краін Балтыі.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.