Да 87-гадовай маці праваабаронцы Судаленкі прыходзілі сілавікі

Леанід Судаленка з маці перад ад'ездам з Беларусі

Леанід Судаленка з маці перад ад'ездам з Беларусі / facebook.com/leonid.sudalenko.7/

Да 87-гадовай маці праваабаронцы Леаніда Судаленкі, які знаходзіцца за мяжой, прыходзілі сілавікі. Ён лічыць, што гэты візіт не выпадковы.

"Прымусілі 87-гадовую жанчыну падпісаць пратакол пра маю адсутнасць у доме, які я пакінуў яшчэ ў часы СССР, піша Судаленка ў Facebook. — Яны ведаюць, дзе я — і ўсё роўна прыйшлі! Ім абыякавы яе ўзрост, здароўе, сэрца. Яны прыйшлі, каб зламаць. Каб учыніць боль. Каб сказаць: "Твой сын — злачынец. Ён у вышуку".

Леанід Судаленка адзначае, што нават седзячы за кратамі, ніколі не казаў маці, дзе знаходзіўся — бярог яе здароўе.

Судаленка — былы палітвязень. За кратамі быў са студзеня 2021 года. У лістападзе 2021-га яго асудзілі на 3 гады зняволення за тое, што ён дапамагаў рэпрэсаваным і іх сем'ям. Праваабаронца выйшаў на волю ў ліпені 2023-га, цалкам адбыўшы свой тэрмін, і праз два тыдні пакінуў Беларусь.

Мінулым летам у Гомелі аб'явілі завочны прысуд Леаніду Судаленку за "садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці" — 5 гадоў калоніі строгага рэжыму і вялізны штраф — 26 тысяч рублёў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.