Цяпер мінскае метро "замініравалі" першакласнікі
За адзін дзень мінскія школьнікі двойчы паведамілі ілжывую інфармацыю пра небяспеку ў мінскім метро.
11 сакавіка ў першай палове дня па тэлефоне міліцыі "102" паступілі два званкі з інфармацыяй наконт метрапалітэна. У абодвух выпадках паведамленні былі ілжывымі, а тэлефанавалі школьнікі з розных раёнаў горада, адзначае interfax.by.
Першы званок паступіў пасля 9-й гадзіны. Дзіцячы голас паведаміў пра падрыхтоўку выбухаў у метрапалітэне. Міліцыянты засумняваліся ў праўдзівасці інфармацыі, але ўзмацнілі меры бяспекі ў метро. І адразу ж пачалі шукаць хлопца, які тэлефанаваў.
Выявілася, што з бацькавага тэлефона гаварыў першакласнік адной са школ Маскоўскага раёна сталіцы. Ён з сябрамі вырашыў такім чынам пажартаваць.
Другі падобны званок паступіў у міліцыю пасля 12-й. Зноў дзіцячы голас паведаміў пра небяспеку ў метро. Гэтым разам шгаворка ішла пра пажары. Міліцыянты хутка выявілі і гэтага абанента. Карыстальнікам тэлефона зноў апынуўся першакласнік з Заводскага раёна сталіцы.
За дзіцячыя жарта давядзецца адказваць іх бацькам. Як мінімум іх чакаюць вялікія штрафы — да 2 мільёнаў 600 тысяч рублёў (20 базавых) за невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей. За ілжывае паведамленне прадугледжаны штраф да 6,5 мільёна рублёў (50 базавых велічыняў).