Ціханоўская ў Давосе прапанавала 5 крокаў па эканамічным адраджэнні Беларусі

Святлана Ціханоўская на форуме ў Давосе / прэс-служба Ціханоўскай
Пяць крокаў па эканамічным адраджэнні і аднаўленні Беларусі пасля дыктатуры прапанавала Святлана Ціханоўская на форуме ў Давосе, паведамляе прэс-служба палітыка.
У Сусветным эканамічным форуме лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў удзельнічае трэці год запар.
Сёлета ў сваім выступе на мерапрыемстве "Будучыня Беларусі" яна прапанавала наступныя практычныя крокі:
— стварыць умовы для вяртання на радзіму. Забяспечыць атмасферу, якая дазволіць прадпрыемствам, таленавітым прадпрымальнікам і экспертам вярнуцца ў Беларусь і прынесці з сабой фінансавы капітал, веды, досвед і кантакты;
— зрабіць Беларусь канкурэнтаздольным і прывабным рынкам, адкрытым для інвестараў з усяго свету;
— вярнуць Беларусі статус IT-краіны, вядомай выбітнымі стартапамі і ініцыятывамі;
— інвеставаць у новыя тэхналогіі;
— пачаць працэс еўраінтэграцыі і ўступіць у Савет Еўропы, каб вучыцца ў тых, хто ўжо прайшоў пераходны перыяд, скарыстацца іх найлепшымі практыкамі і не паўтараць памылак.
На думку Ціханоўскай, акно магчымасцяў можа адкрыцца ў любы момант, і да гэтага трэба быць гатовымі: "Таму сёння ў Давосе мы наладжваем сувязі з урадамі, парламентамі, глабальнымі карпарацыямі — гэта дапаможа зрабіць пераход хутчэйшым і плаўным. Вельмі важна, асабліва на пачатковым этапе, правесці ўсе неабходныя рэформы, падтрымаць прыватную ініцыятыву і прыцягнуць інвестыцыі ў Беларусь".
Сусветны эканамічны форум у швейцарскім Давосе праходзіць 20-24 студзеня. Сёлета яго тэма гучыць як "Супраца ў інтэлектуальную эпоху". Падчас дыскусій абмяркоўваюцца геаэканамічная нявызначанасць, штучны інтэлект, пераасэнсаванне працэсу росту і абарона планеты, а таксама іншыя пытанні. У форуме прымаюць удзел каля 3000 прадстаўнікоў больш як 130 краін, у тым ліку каля 60 кіраўнікоў дзяржаў і ўрадаў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.