Ці здолеюць расіяне пасля дэвальвацыі прыехаць на Новы год у Беларусь?
Еўрарадыё распытала турыстычныя базы, аграсядзібы, санаторыі і арэндныя кватэры, ці чакаюць яны на зімовыя святы наплыў расійскіх турыстаў.
Расійскі рубель 3 снежня рэкордна патаннеў у Беларусі — з 213 да 199,5 беларускіх рублёў. Істотнае падзенне нацыянальнай валюты нашых суседзяў, верагодна, прымусіць іх пачаць эканоміць на замежных паездках.
Не сакрэт, што вялікая доля беларускай сферы паслугаў накіраваная на абслугоўванне турыстаў з-за ўсходняй мяжы. Як адаб’ецца расійская інфляцыя на турыстычнай галіне Беларусі ў перыяд гэтых навагодніх вакацый?
Турыстычныя базы, кемпінгі і аграсядзібы ўжо адчулі падзенне попыту з расійскага боку. Так, адміністрацыя забаўляльнага комплексу “Краснагорка”, што на Браслаўшчыне, чакае ў навагоднюю ноч толькі 50 гасцей. У мінулым годзе было 95. Чакаецца, што большасцю будуць беларусы. Вольных месцаў, на дадзены момант яшчэ шмат і гэта вельмі нетыповая сітуацыя для пачатка снежня.
А вось сітуацыя ў санаторыях зусім не падобная на крытычную. На сённяшні дзень ужо амаль не засталося вольных пакояў на перыяд з 3 па 7 студзеня. Хутка распрадаюцца нумары і непасрэдна на Новы год. Так, напрыклад, у аздараўленчым комплексе “Надзея” Вілейскага раёна кажуць, што “сярод гасцей у навагоднія святы будзе шмат, у тым ліку, расіян, але хапае і беларусаў”. А вось у адміністрацыі санаторыя “Сасновы Бор” каля Новалукомля наадварот запэўніваюць у асабліва вялікім наплыве расійскіх турыстаў у гэты перыяд.
Галіна Патаева, дырэктар турыстычнай кампаніі “Віаполь”, што спецыялізуецца на экскурсіях для гасцей з Расіі, адзначае, што праблем з попытам цяпер не назіраецца, але ён усё ж не такі высокі, як чакалася. У чэрвені-ліпені, напрыклад, продажы былі вышэйшымі за мінулагоднія на 30-40%, такога ж чакалі і ад навагодніх тураў, але яны трымаюцца на ўзроўні мінулага года, што, напрыклад, ніжэй за 2012-ты год. Чакаецца, што турыстычным прадуктам фірмы на зімовых вакацыях скарыстаецца каля 2 тысяч расійскіх турыстаў.
А вось кіраўнік фірмы, што здае кватэры на суткі, абураецца: “Попыт для снежня катастрафічна нізкі. На Новы год замоўлена толькі некалькі кватэр ніжэйшага коштавага сегмента”.
Адкуль прыедуць будучыя госці, адміністрацыя распавесці адмаўляецца, але спадзяецца, на тое, што хаця б беларусы “прачнуцца ў апошні момант”, акурат перад святамі.
Калі зазірнуць на адзін з самых папулярных сайтаў браніравання жылля booking.com, можна заўважыць, што на навагоднюю ноч для двух асобаў у коштавым сегменце да $59 за суткі засталося толькі 17 варыянтаў размяшчэння. Ад $60 да $129 — 21 прапанова, ад $130 да $190 — 33. Статыстыка сайта дэманструе, што з 31 снежня па 1 студзеня, замоўлена 70% аб’ектаў.
На сённяшні дзень расійскае сеціва напоўненае безліччу прапановаў тамтэйшых турфірм арганізаваць танны навагодні і калядны адпачынак ў Беларусі. Амаль усе нашы пансіянаты і санаторыі, не кажучы ўжо пра вялікія турыстычныя кампаніі, маюць на сваіх сайтах спецыяльныя прапановы для турыстаў з усходу з коштамі ў расійскіх рублях.
Вядома, пакуль уплыў першай хвалі расійскага крызісу на беларускую турыстычную галіну не відавочны, грунтоўна ацаніць яго можна будзе толькі пасля калядных святаў.
Фота: www.cpminsk.com