Ці варта разлічваць, што Кітай умяшаецца ў беларускую сітуацыю?
Калі гаворка заходзіць пра буйныя дзяржавы — Кітай, Расію і ЗША, — Беларусь з’яўляецца не суб’ектам, а аб’ектам палітыкі. Усе рашэнні гэтыя краіны будуць прымаць, аналізуючы сваю выгаду.
— Мне непрыемна гэта казаць, гэта мая краіна, але я вымушаная канстатаваць, што Беларусь — разменная манета ў гэтай гульні, — расказала ў студыі Еўрарадыё палітолаг Вольга Харламава.
Кітай зрабіў усё магчымае, каб праз Беларусь праходзіў “Новы Шаўковы шлях”, напамінае Харламава. Гэта канцэпцыя панеўразійскай транспартнай сістэмы, што звязвае Кітай з іншымі краінамі для транспартавання грузаў і пасажыраў па сушы ў Еўропу.
Але ёсць імавернасць, што Кітаю выгадней і прасцей дамовіцца пракласці Шаўковы шлях праз іншую краіну — тыя ж Украіну ці Турцыю, чым займацца супакойваннем сітуацыі ў Беларусі.
Палітолаг упэўненая, што такі план “Б” у Кітая быў яшчэ на этапе планавання.
— Цяжка прагназаваць, як сябе павядзе Кітай. У яго іншыя рэзоны для прыняцця рашэнняў. Мы можам спрабаваць планаваць на паўгода. Планаванне на год для нас ужо стратэгічнае. А Кітай прагназуе, што будзе праз пяць, праз дзесяць, праз дваццаць гадоў.
І Харламава ўпэўненая, што Кітай гады таму прадугледзеў шмат варыянтаў развіцця падзеяў. Таму, магчыма, мае план “Б”, які быў менш зручны 10 гадоў таму, але больш зручны сёння.