Ці прымусяць вучняў здаваць смарт-гадзіннікі, адказалі ў Мінадукацыі

Смарт-гадзіннікі, ілюстрацыйнае фота

Смарт-гадзіннікі, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com

Забарона на мабільныя тэлефоны ў школах не закране смарт-гадзіннікі — іх не трэба будзе здаваць. Пра гэта ў эфіры дзяржтэлеканала АНТ расказала начальніца ўпраўлення агульнай сярэдняй адукацыі Мінадукацыі Ірына Каржова.

"Сёння гаворка не ідзе пра абмежаванне са смарт-гадзіннікамі. Але гаворка ідзе пра зоны без мабільнага тэлефона. І там не агаворваецца — кнопкавы або з выхадам у інтэрнэт", — перадае тэлеканал словы чыноўніцы.

Раней паведамлялася, што з 1 верасня ва ўсіх школах беларусі вучні будуць абавязаныя здаваць свае мабільныя тэлефоны перад пачаткам урокаў і забіраць пасля заняткаў.

Паводле Каржовай, у некаторых дзяцей мабільная прылада павінна быць у адпаведнасці з медыцынскімі паказаннямі. У такіх выпадках гаджэт забіраць не будуць. Астатнія ж вучні будуць абавязаныя здаць тэлефоны пры ўваходзе ў школу. Забраць можна будзе пасля ўрокаў, а падчас заняткаў мабільнікі плануецца захоўваць у "спецыяльным прыстасаванні".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.