Ці можа Лукашэнка аднавіць адносіны з Захадам?

Якім будзе расклад? / pixabay
Падпісанне "саюзных праграм", якія мы раней ведалі пад імем "дарожных мап", можа пагражаць Беларусі стратай фінансавага і эканамічнага суверэнітэту, лічыць кіраўнік аналітычнага праекта Belarus Security Blog Андрэй Паротнікаў.
— Але трэба разумець, што страта эканамічнага суверэнітэту можа вельмі сур'ёзна адбіцца і на іншых складніках дзяржаўнага суверэнітэту, у тым ліку палітычным.
Але тады чаму здаецца, што расійскі бок публічна не выказвае асаблівай зацікаўленасці ў падпісанні гэтых праграм, а галоўным ньюсмейкерам у гэтай тэме на працягу папярэдняга года станавіўся беларускі бок?
— Здаецца, што мітусіцца той, каму гэта больш трэба. Чаму гэта можа быць трэба беларускаму рэжыму? Таму што гэта разглядаецца як частка праекта забеспячэння ўсеагульнай — і палітычнай, і эканамічнай — падтрымкі з боку Крамля.
Еўрарадыё папрасіла Паротнікава пракаментаваць санкцыйнае пытанне і распаўсюджанае меркаванне, быццам менавіта санкцыі штурхаюць Беларусь у абдымкі Крамля.
— Галоўная праблема — не заходнія санкцыі і не паводзіны Крамля. Галоўная праблема — неэфектыўнасць той сістэмы ўлады, якая цяпер існуе.
У выніку дзеянняў беларускіх уладаў у адказ у апошнія месяцы сталася разгромлена грамадзянская супольнасць. Ці варта пачынаць дыялог з беларускімі ўладамі, каб спыніць рэпрэсіі? Паротнікаў задае пытанне ў адказ: можа быць, для пачатку трэба спыніць рэпрэсіі, каб пачаўся дыялог?
— Пачаць выпускаць палітвязняў, і тады Захад з задавальненнем пойдзе на дыялог. Захад абсалютна задавальняе Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка. Яны не хочуць нікога іншага. Не задавальняюць яго паводзіны апошніх паўтара гадоў. Яны гатовыя яго падтрымліваць, даваць грошы, але трэба адкаціцца, умоўна, на ўзровень красавіка-траўня 2020 года. Калі рэжым гэта зробіць, гэта шмат што можа змяніць.
Стаадсоткавай падтрымкі не будзе, кажа Паротнікаў, у тым ліку праз расчараванне і асабістую крыўду на яго, бо многія людзі на ўмоўным Захадзе паставілі ў тым ліку асабісты аўтарытэт на тое, што з беларускім рэжымам можна дамаўляцца.
— Калі асабіста Аляксандр Лукашэнка хоча аднавіць стасункі з Захадам для захавання свайго рэжыму — не сябе любімага на пасадзе, а менавіта рэжыму, — то трэба адкаціцца на сітуацыю пачатку 2020 года. І Захад гэта праглыне. Але пакуль Лукашэнка не гатовы на гэта.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.