Чырвоны Крыж Літвы расказаў, як дапамог беларускім палітвязням

Прыбыццё вызваленых палітвязняў у Вільню 11 верасня 2025 года / LookByMedia
Літоўскі Чырвоны Крыж расказаў, як дапамог палітвязням, якіх 11 верасня выпусцілі і дэпартавалі з Беларусі. Там падкрэслілі, што працавалі сумесна і каардынаваліся з Офісам Святланы Ціханоўскай.
"Мы забяспечылі вызваленых асоб адзеннем, абуткам, ніжняй бялізнай і гігіенічнымі наборамі. 19 верасня наш эксперт па прававых пытаннях таксама сустрэўся з групай [вызваленых], каб адказаць на іх найбольш актуальныя пытанні пра міграцыйныя працэдуры ў Літве, уключаючы гуманітарныя віды на жыхарства, статус бежанца, працэс надання прытулку і іншыя практычныя пытанні, такія як афармленне праязных дакументаў", — паведамілі Еўрарадыё ў Чырвоным Крыжы Літвы.
Там дадалі, што "мігранты заўсёды могуць звярнуцца па дадатковую дапамогу па нашай праграме інтэграцыі".
"Літоўскі Чырвоны Крыж заўсёды гатовы дапамагчы тым, хто мае патрэбу, і ні гэтая сітуацыя, ні магчымыя ў будучыні выпадкі прыбыцця вызваленых палітвязняў у Літву не з'яўляюцца выключэннем", — падкрэслілі ў арганізацыі.
11 верасня ў выніку дамовы паміж адміністрацыяй прэзідэнта ЗША і рэжымам Лукашэнкі былі вызваленыя 52 чалавекі, у тым ліку, як падлічылі праваабаронцы "Вясны", 40 палітвязняў. Яны былі дэпартаваныя ў Літву. Адзін з вызваленых, Мікалай Статкевіч, адмовіўся пакідаць радзіму і вярнуўся ў Беларусь. Пра яго лёс цяпер нічога дакладна не вядома.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.