Чым займаюцца ў Беларусі расійскія актывісты на грошы Пуціна — расследаванне

Владимир Путин

Крэмль даў 400 000 долараў на работу прарасійскіх актывістаў у Беларусі / РИА Новости

У Беларусі разрастаецца сетка прарасійскіх актывістаў, якая наўпрост фінансуецца з Крамля. На яе дзейнасць было выдзелена 400 000 долараў.

Гэтая лічба і іншыя даныя сталі даступны пасля ўцечкі інфармацыі з расійскага "Фонду падтрымкі і абароны правоў суайчыннікаў" (Правфонд). Яе аналіз правялі расследнікі "Бюро" ў кааліцыі з Дацкай вяшчальнай карпарацыяй і журналістамі з OCCRP.

Грошы ішлі на прапаганду, мерапрыемствы, выданне кніг і юрыдычную дапамогу.

Еўрарадыё коратка пераказвае змест гэтага расследавання.

Сяргей Лушч: ад сектанта да галоўнага "юрыста рускага свету"

Сяргей Лушч — у мінулым удзельнік неаязычніцкай ультраправай секты "Схорон Еж Словен", пазней — лідэр руху "Русь маладая", а затым — заснавальнік руху "Саюз". 

Сёння ён узначальвае Цэнтр прававых кансультацый у Мінску, які фінансуецца наўпрост з Масквы.

Сергей Лущ (третий справа)
Сяргей Лущ (трэці справа) прывёз гуманітарную дапамогу расійскім вайскоўцам у Запарожжа / souyz.by

Андрэй Герашчанка: настаўнік гісторыі і пісьменнік на службе ў Масквы

Былы настаўнік гісторыі, віцебскі чыноўнік і член Саюза пісьменнікаў Беларусі стаў старшынёй Каардынацыйнага савета расійскіх суайчыннікаў пры пасольстве Расіі. Герашчанка атрымаў ад Правфонду каля 70 тысяч долараў на выданне пяці кніг пра Другую сусветную вайну, напоўненых ідэалогіяй "рускага свету".

Андрей Геращенко (первый слева)
Андрэй Герашчанка (першы злева) і выканаўчы дырэктар Правфонду Аляксандр Удальцоў (у цэнтры) / pravfond.ru

Ён курыруе сайт "Разам з Расіяй", дзе размяшчаецца расійская прапаганда. Сам Герашчанка атрымлівае ад фонду ганарары за тэхнічнае суправаджэнне сайта.

Наталля Ільніцкая: помнікі з Польшчы за грошы Крамля

Жыхарка Брэста і вядомая бізнесвумен Наталля Ільніцкая за грошы Крамля стварыла музей пад адкрытым небам "Алея памяці", куды звозяць савецкія манументы, дэмантаваныя ў краінах Балтыі і Польшчы.

Наталья Ильницкая (третья справа)
Наталля Ільніцкая (трэцяя справа) ў музеі "Алея памяці" / sb.by

З Правфонду яна атрымала амаль 13 тысяч долараў, якія быццам бы пайшлі на перавозку і рэстаўрацыю помнікаў. Але фактычна яна пусціла іх на добраўпарадкаванне тэрыторыі.

Праект Ільніцкай падтрымлівала расійскае пасольства.

Эльвіра Мірсаліймава: прапаганда, штрафы і дапамога ад "радзімы"

Скандальная Эльвіра Мірсаліймава, каардынатар "Бессмяротнага палку" у Віцебску, трапіла пад адміністрацыйнае пераследаванне ў Беларусі за прарасійскія публікацыі ў сацсетках.

Эльвира Мирсалимова
Эльвіра Мірсалімава / reform.news

Рэжым Лукашэнкі абвінаваціў яе ў "прапагандзе нацызму" і аштрафаваў больш чым на 800 долараў. Паслугі адваката ёй кампенсаваў Правфонд. Грошы паступілі на рахунак яе мужа ў расійскім банку.

Мірсаліймава адкрыта падтрымлівала прызнанне Крыма расійскім і заклікала да спынення пераследавання беларусаў, якія ваявалі на Данбасе.

Мяккая сіла з куратарствам спецслужб

Па меркаванні эстонскіх спецслужб і экспертаў, Правфонд дзейнічае ў інтарэсах расійскіх спецслужб, а яго супрацоўнікі — нефармальныя агенты, якія вярбуюць прыхільнікаў за мяжой.

За ўсімі праектамі ў Беларусі стаіць куратар з фонду — Вячаслаў Елагін, былы супрацоўнік МЗС Расіі, звязаны са спецслужбамі. Створаны ўказам Пуціна фонд і яго дырэктар Аляксандр Удальцоў ужо знаходзяцца пад санкцыямі ЕС за садзейнічанне агрэсіі супраць Украіны.

Расследаванне цалкам чытайце тут.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.