Расійскія ўдзельнікі вайны супраць Украіны будуць лячыцца ў санаторыях РБ

Доктар, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У беларускіх санаторыях будуць лячыць расійскіх вайскоўцаў, якія ўдзельнічаюць у вайне супраць Украіны. Пра стварэнне "пастаяннай праграмы рэабілітацыі байцоў СВА" (так у РФ называюць шырокамаштабную агрэсію супраць Украіны) дамовіліся ўлады Беларусі і Ленінградскай вобласці Расіі.
Дамоўленасць была дасягнутая падчас візіту ў Беларусь дырэктара Усевалажскага мультыцэнтра сацыяльнай і працоўнай інтэграцыі Ірыны Драздзенка, заўважыла выданне "Позірк". Яна наведвала санаторыі Мінскай вобласці, каб даведацца пра "іх магчымасцямі ў сферы лячэння, аднаўлення і аздараўлення ўдзельнікаў "спецаперацыі" з Ленінградскай вобласці, а таксама іх сем’яў".
Аналагічныя перамовы Драздзенка правяла з кіраўніцтвам Магілёўскага аблвыканкама.
Па выніках перамоваў было вырашана, што ў Ленінградскай вобласці распрацуюць і перададуць беларускаму боку "ўмовы і патрабаванні для запуску пастаяннай праграмы рэабілітацыі".
Штогод у рамках гэтай праграмы плануецца адпраўляць на лячэнне і рэабілітацыю не менш за 800 чалавек. Ініцыятыву, як паведамляецца, ухваліў першы віцэ-прэм’ер Беларусі Мікалай Снапкоў.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.